Гарановіч

Віталь Рыгоравіч

Нарадзіўся 7 студзеня 1952 года ў вёсцы Ермакі Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.

З 1959 па 1967 год вучыўся ў Ермакоўскай васьмігадовай школе. У 1969 годзе закончыў Хоўхлаўскую СШ. На працягу 1970–1972 гадоў служыў у Савецкай Арміі ў Прыкарпацкай ваеннай акрузе. Пасля арміі некаторы час працаваў у выдавецтве «Вышэйшая школа», а затым на паліграфічнай фабрыцы «Чырвоная зорка» ў Мінску.

З 1973 па 1977 год — студэнт філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Пасля заканчэння інстытута працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Задарожскай васьмігадовай школы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

З 1979 па 1983 год узна- чальваў Кіраўскую сярэднюю школу на Глыбоччыне. На працягу 1983 па 2004 год — дырэктар СШ № 3 горада Глыбокае. У 2004 годзе выбраны старшынёй Глыбоцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Друкавацца пачаў рана. У школьны час вершы змяшчаліся на старонках рэспубліканскага часопіса «Бярозка», раённай газеты «Святло камунізму». У гады службы ў арміі актыўна супрацоўнічаў з рэдакцыяй ваеннай газеты «Слава Родины» Прыкарпацкай ваеннай акругі. Студэнтам філфака дру- каваўся ў інстытуцкай газеце «Савецкі настаўнік».

У 1978 годзе выступіў з падборкай вершаў у рэспубліканскім часопісе «Маладосць». У гэтым самым годзе з’явілася першая публікацыя вершаў на старонках штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З гэтага часу рэгулярна друкуецца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку.

Неаднаразова ўдзельнічаў у літаратурных семінарах у Каралішчавічах. У 1997 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў першы зборнік вершаў «Беразвечча», які быў адзначаны складальнікамі анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла»: «…хоць запозненая, але яркая кніга». Кніга была станоўча ацэнена беларускай крытыкай.

Наступныя лірычныя зборнікі: «Святло блакіту» (2002), «Саракі» (2007), «Нараджэнне вады» (2011) выйшлі ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Гэтае ж выдавецтва ў 2003 годзе выпусціла зборнік песень «Глыбоцкі вальс» (у сааўтарстве з самадзейным кампазітарам Г. Шаколай).

Лаўрэат літаратурнай прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2009 года (прэмія прысуджана за кнігу вершаў «Саракі»).

Памёр 17 красавіка 2012 года. Пахаваны на могілках вёскі Рабунь Вілейскага раёна.