Белы лебедзь

Сярэдзіна 70-х. Дом літаратара, мора кветак, шчаслівы твар Алеся Асташонка. Толькі што закончыўся спектакль «Камедыянт», і мы, група філфакаўцаў Мінскага педінстытута імя М. Горкага, узрушаныя ўбачаным, прабіраемся да выхаду… І раптам у канцы залы, сярод пісьменнікаў, я ўбачыў Алеся Пісьмянкова, убачыў упершыню. Ён выдзяляўся сваёй экстравагантнай шавялюрай. Па тым часе маладыя філфакаўцы ўніверсітэта стала заявілі сябе ў перыёдыцы, і нам, студэнтам філфака, але другога інстытута, што месціўся насупраць, праз дарогу, заставалася толькі зайздросціць…

Другому спатканню з Алесем я абавязаны Міколу Мятліцкаму, але яно адбылося ўжо праз 18 год. У тое гарачае лета 1996 года я з групай пісьменнікаў знаходзіўся на Браслаўскіх азёрах. Жылі ў калгаснай дачы (хоць дачай з вялікай нацяжкай можна назваць) на беразе возера Струста. Мясціны тут цудоўныя: лес, азёрны плёс, узгоркі, серпанцін дарог, якія цягнуцца ўверх, да гары Маяк.

Аднойчы, калі мы ў чарговы раз варылі духмяную юшку на кастры, Мікола паведаміў, што заўтра прыязджаюць сюды Алесь Пісьмянок (так яго зваў Мятліцкі) і Толя Зэкаў. Я быў гэтай сустрэчы вельмі рады, бо быць у кампаніі з такімі вядомымі «мэтрамі» прыгожага пісьменства заўсёды ганарова. Раніцою я разам з Вадзімам Спрынчанам накіраваўся ў лес (праўда, кожны меў сваю мэту на гэты конт: я па грыбы, а Вадзім — у лясное падарожжа з высечаным і абструганым для гэтага кіем). Адышоўся ад свайго лецішча парадкам, бо заблудзіўся нават, і вярнуўся да месца нашай стаянкі акурат у абед, дзе я і даведаўся, што Пісьмянкоў і Зэкаў ужо паелі і цяпер практыкуюцца на беразе Струсты ў «рыбным паляванні». Я рушыў туды, каб абмыцца і, канешне ж, убачыць на свае вочы знакамітых паэтаў. На месцы купання было бязлюдна, і калі я бултыхнуўся сваім не малым целам у возера, то воддаль, на рукатворным мосціку, я ўбачыў Алеся, які засяроджана рыбачыў і, як мне здалося, не звяртаў ніякай увагі на інародную масу ў вадзе. Потым, калі мы ціснулі адзін другому рукі з выпадку ўсталявання сяброўства, ён весела прызнаўся, што спачатку быў моцна здзіўлены: адкуль узяўся ў гэтых мясцінах спадар Шарэцкі. Я сапраўды меў падабенства з вядомым палітыкам сваёй сівой галавой і чорнымі брывамі.

Сваёй прысутнасцю Алесь унёс у нашу творчую кампанію чалавечую цеплыню і адкрытасць. Той векапомны вечар перарос у кароткую ноч, дзе так шмат было сяброўскіх жартаў, паэтычных экспромтаў і цікавых «адкрыццяў» з жыцця пішучай браціі. За адну ноч былі спалены ўсе дровы, якія складалі «нз», нарыхтаваны Вадзімам Спрынчанам.

Прыгадваецца яшчэ адзін эпізод. Па просьбе паэтаў старшыня калгаса распарадзіўся арганізаваць рыбалку для гасцей, з невадам і дзвюма лодкамі. Куратарамі прызначыў мясцовых рыбакоў, тутэйшых маскалёў, якія раней працавалі ў калгаснай рыбалавецкай брыгадзе, а цяпер знаходзіліся на пенсіі.

Прасмаліўшы дно ў лодках, рыбакі далі дабро на выхад «у мора», а каб рыба лавілася «вялікая і малая», зрабілі па «сотцы», на рыбацкае шчасце. Пасля чаго адзін з пісьменнікаў застаўся на беразе сцерагчы вопратку, не маглі выйсці з «брыгадай» і двое з чатырох «куратараў». Рыбалка доўжылася больш за дзве гадзіны. Трэба было бачыць шчаслівы загарэлы твар Пісьмянкова, каб пераканацца, што гэта адно з яго любімых хобі. Пры набліжэнні невада да берага ўсё гучнейшым і гучнейшым станавіўся яго камандзірскі голас з адценнем незадаволенасці новаспечанымі рыбакамі, бо сапраўдныя майстры лову ад гарачыні сталі нямымі і ў прафесійных дзеяннях абмежаванымі. А калі невад аказаўся на беразе, то ў ім рыбы засталося няпоўныя два вядзерцы. Вугры, шчупакі, ляшчы «паказалі хвост» заўзятарам, як толькі адчулі мелкаводдзе. Другі кароткатэрміновы заплыў, але ў іншае месца, зрабілі двое адпачыўшых рыбакоў з Пісьмянковым. Меней чым праз гадзіну яны вярнуліся са шчупаком у рост чалавека. Ніхто так не радаваўся, як Алесь. Здавалася, што ён быў на сёмым небе. А як ён быў удзячны за рыбалку старшыні калгаса! Пра сяброўства Пісьмянкова і старшыні Мікола Мятліцкі засведчыў у вершы «Землякі», які ўвайшоў у калектыўны зборнік «Браслаўшчына азёрная мая»:

Сапранкоў гадуе колас
Ды цярэбіць лайдакоў.
Вершы думае уголас
На дасвецці Пісьмянкоў.

Зусім натуральна склаліся адносіны Алеся з цёткай Броняй, якая пражывала па суседству з жытлом пісьменнікаў. Ён падоўгу мог гутарыць з гэтай немаладой жанчынай, якая пабачыла многа на сваім вяку. Пад уражаннямі ад сустрэч напісаўся, відаць, верш «Стараверы». У ім Пісьмянкоў катэгарычны ў вызначэнні веры ў шырокім сэнсе слова:

Старавер, бо людзям веру.
Веру, злосць — часовы госць.
Веру ў светлыя намеры,
У дабро і прыгажосць.
І таму, што мы па веры
З цёткай Броняй сваякі,
Зараз лебедзь самы белы
Да маёй плыве рукі.

Душа яго заўсёды імкнулася ў гэтыя бяскрайнія азёры.

Праз два гады мы (я, Алесь і Валодзя Ягоўдзік) зноў пабывалі на гэтым возеры, але на супрацьлеглым яго беразе. Тады Алесь і Валодзя цэлы тыдзень пражывалі на дачы ў маіх знаёмых, рыбачылі, парыліся ў лазні… Хоць амаль кожны дзень ішоў дождж, яны падоўгу з вудамі бавілі час у ціхіх затоках, дзе і лодцы спакойна, і паплаўку. І потым, калі прайшло шмат часу, Алесь усе гады імкнуўся наведаць «бабу Броню». І нават у апошні год свайго жыцця ён папрасіў мяне, каб я даведаўся нумар хатняга тэлефона гэтай жанчыны…

Праз год яму спаўняецца толькі 50. А ў дзень яго смерці я забег на хвілінку ў рэдакцыю «Вожыка». Дзверы рэдактарскага пакоя былі расчынены, Алесь з кімсьці гутарыў па тэлефоне. Кіўком галавы запрасіў мяне ў кабінет, жэстам прапанаваў прысесці. Пасля заканчэння тэлефоннай размовы падышоў, прывітаўся за руку, спытаў пра жыццёвыя і літаратурныя справы. Даведаўшыся, што я на двухтыднёвых курсах дырэктараў школ у Мінску, прапанаваў разам схадзіць у сераду ў Літаратурны музей на сустрэчу з выдаўцамі кнігі «Тарас на Парнасе». Напісаў нават запіску, каб я не забыў. Я спяшаўся на заняткі, а ён узяў падшыўку нумароў «Вожыка» і дэманстраваў па старонках, якія пісьменнікі друкуюцца ў часопісе. Быў ён у той час нейкі ўзрушаны, эмацыянальны. Я ўжо быў пакінуў кабінет і выйшаў у калідор, а ён за руку стаў цягнуць назад. І гаварыў, гаварыў, гаварыў… Прапанаваў (ці то прасіў?) сустрэцца яшчэ раз, як скончацца заняткі, бо ён будзе на рабоце позна. Вучэбны дзень на курсах скончыўся каля 17 гадзін вечара. І я з сябрамі паехаў на выставу ў Мастацкі музей. Вярталіся ў пачатку восьмай гадзіны, ішлі пад вокнамі рэдакцыі, дзе ў гэты час паміраў Паэт.
Была пятніца.