Па хвалях маёй памяці

У сталым веку прыгадваюцца табе мілыя малюнкі дзяцінства, такога непаўторнага і фантастычнага, быццам дзіцячае кіно, якое прагледзеў ты ў маладым ці юным узросце. І яно з вышыні пражытых гадоў здаецца ў шмат чым падобным на вясёлыя карцінкі жыцця далёкага, хоць і нялёгкага пасляваеннага часу…

На памяці і тыя эпізадычныя фрагменты, якія запалі на ўсё жыццё, звязаныя з маленскімі гадамі ў Ермакоўскай сямігодцы і настаўніцкай працай Івана Васільевіча Козела, беларускага драматурга, аўтара знакамітай і вельмі папулярнай у 60-я гады «Папараць-кветкі». Яна была настолькі любімай у народзе, што яе некалькі месяцаў запар паказвалі па беларускім тэлебачанні па заяўцы гледачоў. Тады, помню, у Сенькаву хату сходзіліся ці не ўсе ермакоўцы паглядзець яшчэ і яшчэ раз згаданую п’есу ў выкананні артыстаў Беларускага тэатра юнага гледача.

Ці не тады назвалі рэстараны ў Маладзечне і Мінску крылатым эпітэтам па назве драматычнага твора. (Ды і жылы мікрараён Серабранка ў Мінску, мабыць, бярэ пачатак ад козелаўскай п’есы «Над хвалямі Серабранкі»?!)

Вяртаюся ў памяці зноў і зноў у дарагі для мяне час — канец 50-х, пачатак 60-х гадоў. Для мяне, вучня першага, а затым другога класа нічога асаблівага не значыў той факт, што ў школу прыехаў працаваць новы настаўнік, а разам з ім і яго сям’я, што з дзяцей Івана Васільевіча сын Косця быў маім раўнагодкам, другі сын, Саша, на год старэйшы. Далейшы лёс звёў нас за адну парту, якраз насупраць стала настаўніка. аднойчы, на змену маладой настаўніцы, што захварэла, прыйшоў бацька Косці. Павітаўшыся, цёплым неафіцыйным голасам прапанаваў класу самастойнае заданне, а сам паглыбіўся ў нейкія лісты, густа спісаныя і з праўкамі зверху над словамі. Часта позірк яго быў скіраваны паверх нашых галоў, недзе на заднюю сцяну класа. Нам здавалася тады, што ён гэтаксама кантралюе работу вучняў, і стараліся не шумець. Але з часам, выканаўшы заданне, мы пачалі «сігналізаваць» настаўніку рукамі аб заслужанай перамозе ў рашэнні вызначанага для нас задання. Настаўнік не рэагаваў, нават не заўважаў нікога з нас, а вочы яго ўтрапёна глядзелі ў адну кропку. У гэты час ён быў «глуханямы» да шуму ў класе, не адрэагаваў і на званок з урока. Нам, малым, неўдамёк быў творчы стан настаўніка, бо ён у тыя хвіліны «думаў» пра сваіх герояў новага твора.

…П’еса «Над хвалямі Серабранкі». Колькі тыповых партрэтаў стварыў аўтар на падставе канкрэтных асоб — жыхароў маіх родных Ермакоў! Персанаж брыгадзіра Сцёпкі цалкам адпавядае тагачаснаму брыгадзіру Сцяпану; сям’я Шыдлоўскіх спісана драматургам з сям’і піянерважатай Ермакоўскай сямігодкі; шафёр Васіль — са старэйшага калгаснага вадзіцеля Васіля; Зоська — нагадвае нашага агранома Зоську; у вобразе Федзі я згадваю свайго бацьку, таксама першага бухгалтара мясцовага калгаса, які нярэдка ў сваёй лексіцы выкарыстоўваў выслоўе «варушыць мазгамі».

Носьбітам вуснай народнай творчасці: песень, прымавак, пагаворак, якія гаючай крыніцай льюцца са старонак п’есы, — была ермакоўская доўгажыхарка, якую доўгімі зімовымі вечарамі слухаў і занатоўваў у свой пісьменніцкі блакнот драматург Іван Козел. Пажылая жанчына прала кудзелю і спявала пад музыку свайго калаўрота.

Пазней, калі Іван Васільевіч Козел з сям’ёй пераехаў на сталае жыццё ў Мінск, стаў працаваць у Навукова-даследчыма інстытуце педагогікі Міністэрства асветы БССР, ён шмат разоў прыязджаў у Ермакі, прыходзіў да нас. Тады бацька цепліў баню, а пасля, папарыўшыся, дапазна заседжваліся ўдвух за сталом і гутарылі пра вядомае толькі ім.