Верчыны плыты памяці

Яна цяпер у родных сценах адна. Каб не ацяпляць усе чатыры пакоі хаты, баба Вера на зіму пасялілася ў тым, вокны якога выходзяць на сад, які зімою рэдкі і праз яго відаць аж да лесу. А яшчэ любіць глядзець яна на кавалак дарогі, на якой увесь дзень шумна ад машын. Ад дарогі, якая цягнецца ўздоўж вёскі і становіцца бачнай яе падслепаватым вачам якраз пад лесам у месцы, дзе асфальт вырываецца з сутарэнняў дамбы, і паспытаўшы волі каля паўкіламетра, зноў апынаецца ў акружэнні лесу, і там ужо прастуе аж да самай Вілейкі.

Яна засталася ўдавой пяць год назад, калі яе Толя, спаралізаваны інсультавай хваробай, дажыў адведзеныя Богам гады зямнога жыцця. Пасля пахавання на дзверы хаты быў пачэплены замок, і яна ўпершыню выехала да дачкі з зяцем у горад, на Віцебшчыну, каб перабыць зіму. Затым яна яшчэ чатыры разы «кватаравала» то ў адной дачкі, то ў другой, то ў сына з нявесткай. Па вясне прасіла толькі, каб адвезлі ў свой «вугал», дзе і ясі са смакам, і спіш, бы забітая.

А сёння ёй больш за восемдзесят. І яна першы раз засталася ў сваёй хаце зімаваць. Сіл, дзякуй Богу, хапае, каб схадзіць у краму, пратапіць печку з духоўкай ды па святах наведаць сваю цэркаўку (балазе яна знаходзіцца акурат насупраць яе хаты, праз вуліцу). Такое суседства з храмам дае мажлівасць пабачыцца не толькі з малодшай роднай сястрой, якая прыслужвае пеўчай у царкве, а ўбачыцца ці пагаварыць з вяскоўцамі, якіх яна можа сустрэць гады ў рады ў час вялікіх царкоўных святаў. Такія сустрэчы як бальзам на душу для сталага чалавека.

Вось і цяпер, гледзячы на зыркія языкі полымя ў печцы, яна міжволі звярнулася ў памяці да гадоў яе дзявочай пары, калі і рака Вілія яшчэ была не перакрыта дамбай, ды і жыла яна з бацькамі на хутары ў месцы, якое сёння затоплена вадой. Што за прырода была ў гэтай мясціне! Наўкол заліўныя лугі з травастоем у пояс чалавеку, прырэчная лаза з чаромхавымі гаямі. А Вілія з незлічонымі паваротамі, ціхімі завадзямі і глыбокімі вірамі поўная ўсялякай рачной жыўнасці. У памяці нечакана ўсплылі гады, калі яны з лепшай сяброўкай былі плытагонамі на рацэ. Цяжкія былі гады, бо яны прыпалі на канец вайны і пасляваеннае паўгалоднае жыццё. Трэба было дапамагаць нейкім чынам бацькам, каб пракарміць шматдзетную сям’ю з васьмі чалавек. Работа на сплаве лесу вымагала вялікіх фізічных сіл, якіх нярэдка бракавала ў мужчын, не гаворачы пра сямнаццацігадовых дзяўчат. Але «панскі» заробак (сто рублёў у месяц) і ў дадатак адрэз тканіны па пятнаццаць метраў, з якой можна было пашыць і сукенку, і блузу са спадніцай, стымулявалі кожнага на працу. Нарыхтоўка лесу вялася ў «Жоўтым беразе» ля вёскі Камена, дзе бярвенне спускалася на ваду і дзе яго вязалі ў плыты. Усю падрыхтоўчую работу выконвалі мужчыны, а дзяўчаты з жанчынамі гналі плыты па Віліі да самай Вілейкі. Праўда, і тут без мужчынаў не абыходзілася: на «карме» самаходнага плывучага «пантона» заўсёды знаходзіўся спрактыкаваны рабочы, як і ў яго хвасце. Такое падарожжа цягнулася суткі-двое, у любое надвор’е. На плытах ставіліся буданы, дзе плытагоны па чарзе адпачывалі. На ноч «прыбіваліся» да берага, звычайна спыняліся непадалёку якой-небудзь вёскі. Ля плытоў заставаліся дзяжурныя, астатнія ішлі ў вёску прасіцца пераначаваць на сенавале. Нярэдка ноч праводзілі на нагах, бо вяскоўцы ладзілі танцы, а група незнаёмых дзяўчат і хлопцаў была зусім не лішняй для тутэйшай моладзі. Праўда, сустракаліся вёскі, дзе не было сенавалаў, бо людзі жылі ў зямлянках, на месцы спаленых у вайну хат.

Кароткая эйфарыя ўспамінаў была нечакана парушана глухім стрэлам вугольчыка, які адначасова выпаў на прыбітую перад печкай бляху. Жанчына павольна сагнулася, рукамі ўзяла чырвоны камячок і ўкінула яго назад у суцэльны жар. Тады ёй успомніліся і не вельмі прыемныя моманты, што здараліся за сем з паловай гадоў яе плытагонства. Адразу на памяць прыйшоў выпадак, калі яе з сяброўкай пакінулі дзяжурыць на ноч ля плытоў. Быў летні жнівень, пара рабінавых начэй, калі неспадзяваная навальніца магла прыскочыць нечакана і ў любы час сутак. Яшчэ толькі бралася на вечар, і сяброўкі вырашылі распаліць зараней касцёр на беразе ракі, побач з плытамі. Было ціха, сонца толькі значылася сваімі промнямі над густымі кустамі, але ўжо над вадою павольна збіраўся рэдкімі астраўкамі густы туман. Час прыспешвала яшчэ не прыгатаваная вячэра, у час якой дзяўчаты вырашылі насмажыць дранікаў, бо зараней з дому накапалі торбачку бульбы-спешкі, прыхапіўшы бутэлечку канаплянага алею. Патэльня была адным з асноўных атрыбутаў рэчыўнага мяшка вілейскіх плытагонаў, а цёрку ў гэты раз яны ўзялі зараней дамовіўшыся. Хаця ў кожнай з іх быў «сухі паёк» з амерыканскіх мясных бляшанак, што выдаваліся ім на час прагонкі плытоў.

Дзяўчаты так заняліся справай, што не заўважылі, як насунулася разам з прыцемкамі навальнічная хмара. Яшчэ не паспела нагрэцца патэльня, а першыя буйныя кроплі дажджу ўжо прабегліся па плытах і густа сцебанулі па толькі што падрыхтаванай для смажання дранцы. Яшчэ хвілін колькі — і ад бульбяной мяздры засталося адно мутнае месіва. А яшчэ пастаянныя маланкі з громам і перунамі, якія загналі дзяўчат у сховы рукатворнага будана. Мучыў голад, але большым страхам была тады неўтаймаваная прыродай непагадзь.

Другі выпадак меў не меншыя нервовыя ўзрушэнні для маладога арганізма, калі ў час дзяжурства ўноч пачалі выць ваўкі. Да таго ж вочы драпежнікаў свяціліся, здавалася, зусім блізка. І яны, мабыць, асмеліліся б падысці бліжэй, каб не святло ад непагаслага кастра і бесперапынны бой па вядры суком, што застаўся абвугленым, але не да канца згарэўшым. Неймаверны шум і блізкая чэрвеньская раніца прымусілі звяроў адступіць, хоць для дзяўчат сама ноч была надзвычай трывожнай і цалкам бяссоннай.

Цяжэй за ўсё было молямі гнаць дрэва па Віліі, бо тады прыходзілася пешшу з жэрдкай у руках ісці па беразе па цячэнні ракі, ліквідуючы заторы з бярвення на мелкаводдзі.

Пасля такіх падарожжаў не было чуваць ні рук, ні ног, як кажуць. Нядоўгая летняя ноч здавалася тады мімалётным раем, каб адпачыць і выспацца. У адну з такіх начэй у яе пачалася ліхаманка ад укусу малярыйнага камара. Спалі яны тады пад адкрытым небам, а гэтыя нячысцікі сяліліся ў балоцістых мясцінах, ля рэк і населеных пунктаў.

…Яна сядзела на табурэтцы, глядзела, як залацістае вуголле павольна ператваралася ў прысак, ад чаго ў печцы і ў хаце станавілася цямней. Узяўшы качаргу, некалькі разоў паварушыла жар і, пераканаўшыся, што ў топцы датлела, зачыніла дзверы паддувала і печкі. Юшку коміна, як заўсёды, засунула не да канца, каб на прамілы бог не ўчадзець. Наперадзе была ноч, доўгая і багатая на ўспаміны.