З дзяцінства

Я толькі пралупіў вочы, смачна пацягнуўся і прыслухаўся: у хаце нішто не выдавала прыкметаў аб тым, што хто-небудзь з бацькоў затрымаўся і яшчэ не пайшоў на працу. Толькі кот Барсік салодка спаў у маіх нагах, раз-пораз уключаючы сваё кацінае дыханне: хурлы, хурлы, хурлы. Быў першы тыдзень летніх вакацый.

Борздзенька адкінуўшы пакрывала, якім накрываўся спачатку ад прахалоды, а з узыходам сонца ад назойлівых мух, ссунуў свае ногі на чыстую падлогу, і басанож накіраваўся да стала, дзе ў саматканым ручніку маці хавала спечаныя для мяне бліны. Навобмацак яны былі даволі гарачыя, і ад іх ішоў наздраваты пах любімых мною дранікаў.

Па звычцы я падышоў да цёплай яшчэ засланкі печы і дзвюма рукамі ссунуў яе ўбок. Так, я не памыліўся: у патэльні, што знаходзілася адразу за засланкай, былі шкваркі і ўжо падсохлае па часе яйка.

Маю трапезу (а ўжо я перайшоў да мачанкі) неўзабаве перапыніла знаёмае кляцанне клямкі дзвярэй у сенцах — і на парозе хаты з’явіўся мой сябрук Юрась.

— Позна, позна снедаеш, — заўважыў ён ад парога. — На колькі мы дамаўляліся ўчора пачаць «аперацыю»? Га? Падводзіш сяброў, падводзіш.

У мяне ўжо не заставалася часу даесці пачаты блін. Наспех прыкрыўшы яго і патэльню тым самым абрусам, я кінуўся хутчэй апранацца. Уздзеў на сябе рубашку, нацягнуў вельветавыя трусы, сунуў ногі ў сандалі. У імгненне вока мы былі з Юрасём на вуліцы, дзе нас чакалі ўжо хлапчукі-аднаросткі.

Апантаныя адной думкай з прадчуваннем вялікай і адказнай справы цеснай ватагай рушылі да калгаснага гумна, дзе пад сцяной чакала прыхаваная звечара бомба. Авіябомбу напярэдадні выкупілі за 10 рублёў у Бабра Мішкі, які меў багаты арсенал (пра гэта ведала ўся вёска) падобнай зброі, якую ён збіраў доўгі час пасля вайны з мэтай выплавіць тол, каб потым выгадна прадаць яго сваім вяскоўцам, што назапашвалі на зіму карчы на новых вырубках.

Ускаціўшы так-сяк бомбу на прынесеную кімсьці з хлапчукоў дзяругу, узяўшы ўчатырох за яе канцы, рушылі да бліжэйшага лесу, што знаходзіўся за вёскай. Бомба была цяжкай, і таму даводзілася часта мяняць насільшчыкаў. Добра ўгрэўшыся і ўзмакрэўшы ад непасільнай ношкі, неўзабаве дасягнулі першага рубяжа свежай вырубкі. Трохі адпачыўшы, пачалі збіраць рэшткі карчоў, сухіх сукоў, адным словам, што магло гарэць у кастры, які думалі развесці на месцы дзяругі з бомбай.

Калі ўсё для кастра было гатова, то нечакана перад хлапчуковым «брацтвам» паўстала дылема: хто распаліць касцёр? Ніхто не згаджаўся гэта зрабіць. Кінулі, у такім выпадку, на пальцах . Выбар выпаў на самага маладзейшага з нас — Хведзьку, які пайшоў за кампанію з намі. Ці маглі мы адправіць хлапчанё на такі рызыкоўны крок, які горка заліваўся слязьмі і, як здавалася нам, мог не толькі распаліць касцёр, але і патушыць адразу яго сваімі слязьмі. Пасля чаго добраахвотна вызваўся зрабіць гэта Гэнусь, сын мясцовага трактарыста. Усе занялі свае «баявыя» пазіцыі за пнямі, за дзесяць метраў ад будучага вогнішча. Убачыўшы першую струйку дыму, усе інстынктыўна прыпалі галовамі да зямлі, чакаючы ўзрыву бомбы. Але касцёр усё больш і больш разгараўся, а бомба «маўчала».

Было нязвыкла ляжаць, прыпаўшы галавою да зямлі, але кожны з нас баяўся высунуцца з-за пня: а раптам зараз адбудзецца выбух… Касцёр усё меншаў і меншаў, а бомба не ўзрывалася. Сонца даўно ўжо пераваліла на другі бок лесу, кішкі пачыналі «іграць марш». Першым не вытрымаў выпрабавання лёжкай Гэнусь. Па-пластунску ён асцярожна папоўз у бок кастрышча. А праз нейкі час раздаўся яго голас: «Хто смялейшы, паўзіце сюды». «Смелымі» аказаліся амаль што ўсе хлапчукі. На адлегласці гарачыні ад вогнішча мы ўбачылі бомбу ў самым яго цэнтры. Яна ляжала распаленая да чырвані, а на месцы ўзрывацеля адкрылася вялікая дзірка, праз якую тонкай струйкай прасочваўся разагрэты пясок. Нас нічуць не збянтэжыла тое, што бомба была пустацелая, што з яе ўжо даўно выплавілі тол. Наадварот, усе былі рады, што «адысея» з ёй урэшце завяршылася такім чынам.

Калі сабраліся ісці дадому, то не далічыліся Хведзькі. Ён жа, не вытрымаўшы выпрабаванняў, якія зваліліся на яго дзіцячыя плечы, соладка спаў у часовым сваім прыстанішчы за пнём. Трохі ўзбуджаныя, з адчуваннем вялікага голаду ў жываце, мы дружна рушылі дадому. І ніхто не меў крыўды на Мішку Бабра, які прадаў нам пустую бомбу. Цяпер хвалявала кожнага адно: што скажуць яны сваім бацькам…