Азёры Глыбоччыны

Тут прыстань спаконвечных туманоў
І лецішча вясёлак ў навальніцу,
Куды душой імкнешся ты ізноў,
Не здолеўшы красою наталіцца.>

Прыпеў:

Азёры, азярыны, азяркі
Глыбоччыны — бярозавага краю,
Дзе Доўгае слязінкаю ракі
І Шо крынічкай дзень благаслаўляе.

Кароткі сон чаўноў у чаратах,
І летніх зорак ў небе завушніцы,
Дзе ў поўнач месяц на ваду, як птах,
Штоноч з вандроўкі стомлена садзіцца.

Прыпеў.

Ў час безгалосся снежнае зімы
Здзіўляеце глыбінямі сваімі.
Да вас прыходзім белым полем мы,
Каб заставацца сэрцам маладымі.

Прыпеў.