Белая ноч

Пад святлом Венеры-зоркі
Ткуць свой майскі паясок
Затравелыя пагоркі,
Дзе як золата пясок.

Прыпеў:

Веснавей каб не сурочыць,
Узышоў маладзічок.
Беларускай белай ночы
Развязаны каснічок.

І зрываюцца з галінак
У салодкі сон гракі.
Растрывожылі маліннік
Маладыя салаўкі.

Прыпеў.

Цень каліткаю за хатай,
Бы ў каралях ад расы.
Вербы ніцыя — дзяўчаты
Распусцілі валасы.

Прыпеў.

Клён, бы хлопец той нясмелы,
Закахана шле пагляд.
Засыпае самы белы
Першацвет вясновы сад.

Прыпеў.

І бялее зноў каўнерык
Туману над азярком.
Белай ночы насцеж дзверы
Адчыняе кожны дом.

Прыпеў.