Майскае свята

Безыменных герояў няма,
Ёсць героі, героі, героі.
Вострым болем скрамсала вайна
Сэрцы матак ў маўчаннях сыноўніх.

Прыпеў:

У душы і на сэрцы зноў май,
Незабыўнае ў памяці свята.
Услаўляе радзімы наш край
Пераможны ў вайне сорак пяты.

Без бацькоў расцвітаюць сады,
Без дзядоў падрастаюць унукі.
Цішынёю вясновай гады
Праліліся праз нашыя рукі.

Прыпеў.

Час далёкі дыхне старыной —
Ад салдата пажоўклым канвертам,
Што дасланы апошняй вайной
З лепшай весткай пра мір ўсяму свету.

Прыпеў.