Вершы

Беразвечча

Святло блакіту

Саракі

Нараджэнне вады

Пагавары са мной

Саракі

Неба закружылася ад птушак —
Дзень вясновы ладзіць саракі.
Са шпакоўняў пух старых падушак
Вымятаюць крыльцамі шпакі.

Ды жаўрук, натрэсшыся ў разоры,
Б’ецца ў сіні, нібы матылёк.
Грак варонім стаў парламенцёрам —
Ў дзюбе носіць белы ласкуток.

Чаек бела-чорныя цяльняшкі
Тут і там мільгаюць угары.
Галкі, як маўклівыя манашкі,
Аблятаюць ціхія двары.

У гняздзе, нібы ў чалме, бусліха
Дрэмле пасля доўгай чарады.
Кулічок, як самалёцік, ціха
Сеў ля цёплай зброснелай вады.

Разадрана зноў гаёў улонне
Крыкам сойкі, строкатам сарок.
Саракі пад парасонам поўні
Развязалі выраю шнурок.

Родны дом

Сюды сышліся ўсе дарогі,
Тут мае ростані жыцця:
Масніцы рыпкае падлогі
І зноў на покуці куцця.

Тут да драбніц усё знаёма:
І стол багаты для гасцей,
І печ, бы гаспадыня дома,
І цёплы круг бялюткіх сцен.

Пад столлю кміну пук духмяны
Ў суполлі з вязкай каўбасы,
Цыбуля жгутам саламяным
Свае звязала валасы.

Бярозы пах і пах аеру,
Глыток сцюдзёнае вады.
Трымай для шчасця насцеж дзверы,
Як і падкову — ад бяды.

Беразвечча

Бяроз вечалле. Беразвечча,
Нібыта ўзведзены курок…
Тут лёсу горкага сустрэча,
Магілы, горасны Барок.

Ахвяр самотная паляна,
Гадамі сцёртыя груды.
Тут беларусам і рымлянам
Стаў бор, як чорны знак бяды.

На гэтым месцы ўсім балюча,
Будзь літасцівым, час, прашу.
Тут памяць, быццам дрот калючы,
Сціскае сэрца і душу.

Слязой сплыве агарак свечкі
Ў далонях стомленых людзей.
Худзенькія уздрыгнуць плечкі,
І хтосьці кветкі пакладзе.

Матуліна вясна

Цябе ўнучка назаве бабуляй —
І разбягуцца зморшчынкі на лбе.
Старэнькая, ласкавая матуля,
Як уявіць мне маладой цябе?

Ідуць гады. Старэе сад ля хаты,
Успыхне ўзмежак белым вішняком.
Ці помніш, як садзілі вішню з татам,
А я гуляў шчаслівым хлапчуком?

Пяць год назад мы спілавалі дрэва,
Але шпакоўню ўгору ўзняў вішняк.
І кожны раз сваім сардэчным спевам
Сустрэць вясну не забывае шпак.

Ссамочуся без дому, калі доўга
Я маці радасць не вязу з дарог.
Наскрозь працята позіркам дарога,
Ацеплены надзеямі парог.

Бацькаў успамін

Прашыты куляй рог пілоткі,
Звон кайстры ад асколкаў мін.
Ад багны рыжыя абмоткі
Сушыў вусаты армянін.

Ірвала ветрам плашч-палатку,
Сляпучы пыл у вочы лез.
Зайграла тульская двухрадка,
Паплыў з махоркай «Паланэз».

Шыпелі злосныя ракеты —
Айчыны грозная браня.
А за плячыма на паўсвету
Сінела ў небе цішыня.

Вучням

Запомніў з вас я кожнага
У профіль і анфас,
Заўсёды засяроджаны
Вучобай мілы клас.

Над сшыткамі з надзеяй
Запозна трачу зрок,
Каб значнаю падзеяй
Быў кожны ваш урок.

Пішу адозву марам
У новыя вякі,
Каб не зляцелі марна
Гады, бы скразнякі.

* * *

Зямля мая, мая сябрына,
Край даматканых абрусоў,
Шчэ вадзяным скрыпіш ты млынам
І шэпчаш пошумам аўсоў.

Крыляюць тут, як птушкі, дзеці
Сярод гаёў і азярын.
Сюды вяртаюцца памерці
З чужых далёкіх пуцявін.

Дзе гарады, як незабудкі:
Бярэсце, Полацак, Нясвіж.
Дзе Маладзечна з Навагрудкам
І Менск прыгожы, як Парыж.

Ды чорна быль, бы Хірасіма,
І чорны цень яе крыла.
Бяда над белаю Айчынай
Сваё гняздо навек звіла.

* * *

Павуцінне коціць ліставей,
Зацугляўшы шорсткія памежкі.
Грыбасей пачаўся, грыбасей,
Зноўку мох салодзяць сыраежкі.

Над астрыжняй скірдаў каўняры,
Грэе восень жоўтыя далоні.
Раніцы з палеткаў у двары
Туманы халодныя прыгоняць.

Мая радасць

Колькі сэрцаў трымаю ў сэрцы сваім —
   Цэлы клас!
Колькі дум абуджаю пытаннем адным —
   Не злічыць!
Колькі доўгіх начэй не дасплю,
   дарагія, з-за вас,
Каб маленькае кожнае сэрца
   жыццю навучыць.
Адпачну я ля сшыткаў,
   разгорнутых, быццам душа,
Кожны раз з хваляваннем
   трымаю аловак над цёплым радком.
І азвоніцца памяць,
   бы кропля-капеж з ледзяша.
І ўзіраецца сэрца
   у светлыя вочы крадком.

Глыбокае

Хто даў табе імя такое?
Не скажа час, маўчыць панура.
Струхнеў каўчэг разбіты Ноя,
Вякоў пранеслася віхура.
Сівым здаецца час далёкі,
З якога стаўся ты Глыбокім.
…Ды прыгадаю светлы ранак,
Русавалосых глыбачанак
З карзінамі суніц баровых,
Заўсёды вострымі на слова.
Кахання першага вандроўкі
Па ціхіх вуліцах Мядзёлкі,
І светлы час тае сустрэчы
Ля белых гмахаў Беразвеччы.
Драздовіч, Корсак і Буйніцкі
Пілі душой з тваёй крыніцы.
А ля ваколіц сіні лён,
І ўсюды дух наш беларускі,
Дзе колісь з арміяй французскай
Кастры паліў Напалеон.
Відны, як вочы, азяркі
З палёту вышыні Сухога.
Крыжамі ўзносішся да Бога
Усе пражытыя вякі.
Даўжэйшы твой паўночны цень.
Ды гронкай здзівіш вінаграду.
Цябе, заснежаны ў каляды,
Вітаю светла кожны дзень.

* * *

Не бойся рукі апячы аб хлеб,
Бойся горшага —
Хлеб апячы аб рукі.
Не па кніжцы
Пазнай сакрэт
Хлебаробскай бацькавай
            навукі.
Без пагарды глядзі на плуг,
Каб успомніць,
Як пахне поле,
Каб табе з-за мужчынскіх рук
Чырванець не прыйшлося
            ніколі.
Будзь патрэбным у справе любой,
Што зямлю упрыгожыць
            працай,
Каб застацца
Самім сабой.
Чалавекам застацца…

* * *

Верасень — вера асенняя
З сумам і лёгкай тугой.
Скласці б гады, як бярвенне,
Ў зруб маладосці маёй.

Хай без страхі і без рамаў,
З ганкам-жарнавіком,
Але з маладою мамай
І татам-франтавіком.

З ростанню — не пакараннем,
З глыбокім салдацкім сном.
Шчаслівага зноў вяртаннем,
Заручын дамашнім віном,

Ды не са струхнелай брамай,
Зарослай шыпшынай густой,
Ужо незваротнай мамай
І бацькавай лаўкай пустой.

Прызванне

Хацеў калісь ты быць акцёрам,
А стаў шафёрам.
Ты марыў аб актрысах МХАТа —
Пайшоў к даярцы ў сваты.

І не крыклівыя рэкламы,
А пісьмы мамы.
Замест шэкспіраўскае ролі —
Два кузавы калійнай солі.

Вякам

Упаў лісток пажоўклы на асфальт,
Не лістапад, а ліпень на пачатку.
Мо восень у купальскі заркапад
Пад ногі лету кінула пальчатку.

Магчыма, выпад позняе пары,
А раптам жарт, дзіцячае свавольства.
Ды сенны дух у чыстыя двары
Вязуць вазы, бы ў восені пасольства.

Слязінка-знічка, дочка раўчуку,
Як невідзімка, згубіцца ў лістоце.
Віхор падскоча к хмарцы на кійку,
Каб спрасці дождж на вечным калаўроце.

З дарогі жнівень ступіць на парог,
Уваліцца, нібы дзяцюк, у хату.
І лета, спёкшы на Іллю пірог,
Адорыць шчодра восенню багатай.

* * *

Чакаць бяды не трэба —
Яна, як нечаканка,
З зіхотных высяў неба
Жагнае, як маланка.

Шукаеш апантана
Вугельчыка-цяпельца.
А боль — адкрытай ранай,
І не хапае сэрца.

І чэзнуць нерваў сілы,
Рука сама ў адчаі
Нацельны крыжык з шыі
З надзеяю сціскае.

* * *

Ранак, як рамонкавы пялёстак,
Забялеў пад сонца капяжом.
Першародным быць цяпер няпроста —
Чыстым ветрам, снегам ці дажджом.

Ды няўпрост застацца чалавекам
Сярод здрады, пошласці і зла.
Не пылінкай у святле малекул —
Хоць адной малекулай святла.

Калі цяжка — мне, майму народу,
Калі лёгка — зноў з народам жыць.
Не губляць галінкі радаводу,
Першаісным да сканання быць.

* * *

Гады — плыты Жыцця ракі
У крыгаход і навальніцу.
Душу то ўздымуць жаўрукі,
То з неба скінуць у крыніцу.

Ці фрэскі весняе пары,
Ці восеньскіх дажджоў мярэжы.
Нібы званіцам званары,
Жыццю істотай прыналежу.

І радасць велічы быцця
Каханым, вернікам ці сябрам
На кон пастаўлена жыцця,
Пазначана бясцэнным скарбам.

І лёткай ластаўкі крыло,
Мільгнуўшы сполашна над летам,
Як невідушчаму святло,
Прысніцца ў сне чароўным светам.

* * *

Пасеяў снежань белую расаду,
Марозік звесіў ногі са страхі.
Вятры снягі арфуюць у прысадах,
Закінуўшы на неба кажухі.

У цёплай шапцы бэз на паваротцы
Скубе сянцо пахучае з вазоў.
Маўкліва коні, як першапраходцы,
Ступаюць з млосным скрыпам палазоў.

І вёска, абапёршыся на плоце,
Дымком над хатай, як брывом, кіўне.
Крамяны яблык ледзянее ў роце
І набліжае да вясны мяне.

* * *

Той стаяў снег, што нам адкрыў лыжню,
Ды след яе ў маёй душы згубіўся.
І позірк твой з таемнасцю агню
На веях часу цьмяна астудзіўся.

Наш белы дом юнацтва на дваіх
Я ўсё будую шчэ ва ўзросце сталым
І абыходжу той злавечы міг,
Калі навек, было, чужою стала.

Твой позірк спапяляючы нашу
У мроях-снах, у адзінотнай скрусе.
Даруй ты мне, адзіная, прашу,
Цябе сустрэць шчаслівую баюся.

* * *

Зімой віхурна ўздыбяцца снягі,
Каб ростанню забыцца ў траўным леце.
Аддам кахання грэшныя даўгі,
Пакуль душа мядуе ў буйным цвеце.

Пярсцёнкам дрэва ацугляе год,
Рукі папросіць лістапад у веі.
Даруй, адолець столькі перашкод
Я да цябе, далёкая, не ўмею.

Кідаеш мне: «Няма ў цябе душы,
Ты эгаіст і выдумшчык бясконцы…»
Ды не зыначаць слоў звадыяшы —
Я верай той, хто прагне крыллем сонца.

Я адгукнуся на слязу-усмех,
Нібы пяршак, глыну расстання скруху.
І шчасця боль не для начных уцех,
Як крыж, нясу сягоння ў завіруху.

Настаўніку

Добры дзень!
Дзень у дзень з табой
Носіць ранак у ранцы школьнік.
Дзе дарога, як компас твой,
Самых светлых гадоў настольнік.

У грудзях ад гаючых надзей
Першай шчырасцю і даверам
Прарастае зярняткам дзень
І радком на паперы.

На узвысях таемных мар
Плыў чаромхавы майскі вырай.
Ты настаўнік і ты шкаляр,
Хоць і бачыш свет гэты шырай.

Убярэ жоўта восень сады,
Азірнешся — міне паўвека.
А ля веснічак крок малады —
Заставайся ў ім чалавекам.

* * *

Дачакаўся вясны
І штовечар хаджу да каліны,
Мне здаецца, зямля
Адагрэе спатканняў сляды.
Мы спаткацца з табой
Чуеш, любая, зноўку павінны.
Як захмелена вабяць
Малочнай зіхотай сады!

Зноўку зможа ў душы
Прарасці зерне светлай надзеі.
Хай бунтуе ва ўсю,
Вар’яцее вясна ў крыгалом.
Веру я, што шчымотай
Абудзіцца ў сэрцы нядзеля
І не згасне кіпець
Пад паўдзённага сонца крылом.

Прызнанне

Шчымотна бруіла каханне:
Пад бацькавым майскім акном
Чаромхі бялюткай дыханне,
Бярозы з зялёным сном.

Піў шчасця брую штовечар,
Шчаслівым быў кожны дзень,
І нават тады, калі вецер
Дажджы над страхой прадзе.

Як люцень, мяце завіруха,
Спякотай бяссільны цень.
Мне б толькі шчасліва слухаць
Малітву тваіх грудзей.

Адданыя ёй навечна,
П’ём хмельна бярозавы дым.
І горнецца Маладзечна
Маем сваім маладым.

* * *

Мае сцюдзёныя віры,
Драўлянкі-рэчачкі, крынічкі,
Дзе рассяліліся бабры
І бор усыпалі лісічкі.

Дзяцінства босыя сляды.
Дзе Ракаў ракамі багаты.
Дзе, прарастаючы з вады,
Вясёлка грэлася над хатай.

Зімоўя цнота, мая шал,
Капежкі лета, шчодрасць саду.
Разварушылася душа
Ва ўзросце самым лістападу.

А сэрца ў сталасці шчыміць.
І ў снах палохаюць прывіды.
Не мне баліць — зямлі баліць
У пастцы радыенуклідаў.

* * *

Вязуць бярозавыя дровы —
На доле рытвіны, груды, —
Вязуць праз рэдкія дубровы,
Вязуць штодня, вязуць гады.

А з імі спеў і шум гаёвы,
Звяроў гарачыя сляды
Вывозяць з лесу назаўжды…
І плачуць сцішана тады
Лясы, схіляючы галовы.

* * *

Я адчуваў сябе найбольш багатым,
Калі звінелі косы у лугах,
Калі над возам месячык гарбаты
Бы цераз грыву жоўтая дуга.

А потым, трошкі стомлены дарогай,
Забраўшыся на пахкі сенавал,
Прыемна чуў, як аціхаюць ногі,
Як мякка ў сене тоне галава.

Першае каханне

На гарачых вуснах май,
У маёй абранніцы.,
Ты мяне не праганяй,
Аж да самай раніцы.

Лепш, адданая, маўчы,
Гонарам дзявочым,,
Мне б вачыма апячы,
Чараўніцы вочы.

Мне б адчуць, як пахне бэз,
На губах самлелых,,
Прытуліцца да цябе,
Шчырым і знямелым.

* * *

Вясны замглёны рэдкі дзень,
Ад ветру сэрца астывае.
Ты, разняволеная маем,
Такуеш цёпла ля грудзей.

Слатой няспеўна салаўкам,
Раз-пораз сонца промнем кіне…
Мая адзіная багіня
Маім даверана рукам.

На скрыжаванні твар у твар
Пад сонца ўспышкай здымак ночы:
Твае заплюшчаныя вочы,
І вусны аддаюць нектар.

* * *

Не вярнуць свайго юнацтва,
І дзяўчыны не вярнуць.
Помню ток шчаслівых пальцаў,
Як баяўся іх крануць!

А далёкае так блізка
Пламянеецца ў душы.
На сцяжыне шчасця слізка —
І завеі, і глыжы.

Сарамлівае святое.
Бы крышталю тонкі звон.
Я жыву адной табою,
Юнай памяткаю дзён.

Велікосны год адыдзе
Ў звітак часу, у «было»,
Поўня новая узыдзе
Ліць бяссонніцы святло.

* * *

Ты ў жыцці нібы тайна,
Кветка-папараць ў снах.
Пакахаў за звычайна,
Ды заспела вясна.

На пялёстках парошы
У жыццёвай імжы
Я каханне, як ношу,
Пранясу у душы.

Хай цябе заварожыць
Белы май, яблынь хмель.
Свет развеснены Божы
Шмат адкрые зямель.

Шчэ шапочуць паляны
Сонцу, ліўню, траве…
Сэрцаў двух закаханых
Ціха споведзь плыве.

Падаюць яблыкі

Падаюць яблыкі. Ў яблыкаў сэрцы-зярняты.
Падаюць людзі ад сэрца і вечных турбот.
Што наша восень на страты сягоння багата,
Так, як ніколі, бяднее зямлі радавод.

Як на духу — у вялікім мы вечна жывыя,
Крыж на магіле і крыжык як знак нарадзін.
След на пяску першы дождж, як заведзена,
                 змые,
След у жыцці ўсё ж не згубіцца наш
                 ні адзін.

Код кахання

На душы лагодна стала —
Ты мяне пацалавала.
Шчырасць пылкую жанчыны
Раздзяліла ты з мужчынам.
У таемным засмучэнні
Ты прасіла прабачэння.
Завяла мяне ты ў нерат,
Не пайду назад. Наперад!
Бо прыняў як пакаранне
Тваё цяжкае прызнанне.

* * *

Пад святлом Венеры-зоркі
Ткуць свой майскі паясок
Затравелыя пагоркі,
Дзе, як золата, пясок.

Веснавей, каб не сурочыць.
Узышоў маладзічок.
Беларускай белай ночы
Развязаны каснічок.

І зрываюцца з галінак
У салодкі сон гракі.
Растрывожылі маліны
Маладыя салаўкі.

Цень ад коміна за хатай,
Нібы штык той за спіной…
Ды ніяк не страшнавата
Першай кветчыне вясной.

Каханне

Што большай моцы на свеце?
Скажуць адны — гэта вецер,
Скажуць другія — вулканы,
Трэція — акіяны.
Могуць назваць навальніцу,
Гром і змяю-бліскавіцу,
Ранак ці мо змярканне,
Стрэчу ці развітанне,
Радасць над горам балючым,
Дзень над агаркам ночы,
Лета над белай зімою,
Голас над цішынёю.
Толькі з усіх прызнанняў
Я называю каханне.

* * *

Хачу ў жыцці трывогі —
Няхай у сэрцы звоніцца:
Уноч — пасля дарогі,
Удзень — пасля бяссонніцы.

Трывогу — сэрца вернасці —
Пакуль жыву, як ношу,
Нашу пры безнадзейнасці
І ў светлы дзень харошы.

Запаветнае

Спеўны лад — старажытныя гуслі,
На стале даматканы абрус.
Пунсавеюць дзіцячыя вусны:
Беларус,
Беларусь,
Беларус!

Ад бяспомных душа абароніць
Мову нашу і род-карані,
Дзе світае меч гнеўнай Пагоні
І Грунвальда славутыя дні.

Гарт Рагнеды і веліч Скарыны,
Старажытных плямёнаў саюз.
Залунае наш сцяг над Айчынай,
Беларус,
Беларусь,
Беларус!

Хай легенда жыве аб Каліне,
Хто адолеў вайны землятрус.
Веліч продкаў у кожнай быліне —
Беларус,
Беларусь,
Беларус.

Пара раўнадзенства

Не хмарся, зіма, на вясеньку-нявесту,
Крыўдуй не крыўдуй, а рыхтуй каравай,
Няхай падрастае вясельнае цеста
Для месяца з сонечнай назваю Май.

Распусціць вясна між бярозаў пралескі —
Глядзіць месяц вокам з-пад ночы брыва, —
Прымерае заўтра дажджу занавескі,
І зелена-порстка падскочыць трава.

У небнай сінечы святочна-ўрачыста:
Пара раўнадзенства на шалях вясны —
І ранак ад сонца з крылом залацістым,
І гром па-над хатамі з пахам лясным.

* * *

Шчэ месяц жніўны на календары,
І кожны дзень вяскоўцу у ахвоту.
І не даймаюць зумам камары,
І мёдам перапоўненыя соты.

Вясёлкі зняўшы ўвечары сіло,
Тыднюе поўня зноў на небазоры.
Падворак матчын, бацькава сяло,
Давайце зноў пра восень пагаворым…

Мае Налібокі

Гісторыя роднага краю
У пушчаў дыханні жыве.
Я голасна лес свой вітаю,
Ён рэхам у госці заве.

Зайду. Мудры мой летапісец,
Лагодна раскрыеш душу.
І я у падвоблачных высяў
Замовы ад згубы прашу.

Знікалі звяроў пакаленні,
З-пад снегу ўсплывалі імхі.
Варылася ў хатах варэнне,
І пахлі грыбамі мяхі.

Хавалі лясоў леснічоўкі
Ад сцюж і нашэсцяў заўжды,
Дрыжэлі купальскія зоркі
На плыні крынічнай вады.

Калі ж ад хвароб ратавацца —
Сачылі жывіцу і сок.
І цеслі мазольную працу
Увенчваў на зрубе вянок.

* * *

Вядзі мяне, дарожка-сцежка,
Ў абдымку родных туманоў,
Да тых аселіц і узмежкаў
Без лебяды і палыноў.

На старадрэвінах шпакоўні
Даўно ад часу пагнілі.
Ды маладыя ўсходзяць поўні,
Дзе мы малечаю былі.

Дакорам стрэне двор сірочы,
Як быццам тут і не жылі.
Агонь слязы прапаліць вочы —
Магіла мамы на зямлі.

Не бацькаў дом — чужая дача,
І новы ў хаце гаспадар,
І ўсё расстаўлена іначай
І ператворана ў тавар.

Мой родны дом, якой кляцьбою
Караць мне лёс за гэты здзек?!
Мне быць асуджаным табою
За здраду сынаву навек.

* * *

Белыя заплаткі
Конь-мароз скубе.
Коцікі-зярняткі
Пухнуць на вярбе.

Ў ледзяша з застрэшша
Нос зусім пацёк.
З клёну саладзейшы
Сакавіцкі сок.

У хлявах — прыплоды,
Ў хатах — сырадой.
Пахнуць агароды
Бульбай маладой.

Гімн складаюць пеўні
Сонцу і вясне.
Раўчуку ўжо спеўна
У лядовым сне.

Нібы рукавіцы,
Кіне вечар цень.
Сэрцу надзівіцца
Выпала за дзень.

Мая просьба

Народзе, прашу: не формай салдата,
Не срэбрам адкупнай багатай рукі,
А праўдай і мужнасцю адваката
Мову сваю зберажы на вякі.

Слова Скарыны і песню Купалы,
Мову-салоўку, гаворку-брую
Абарані ад знішчальнай навалы,
Ўклаўшы у слова душу сваю.

Змове шыпячых, глухіх, выбуховых
Поўнагалосся струной загучы.
Толькі ад гэткага наступу мовы
Ў цень пададуцца ўсе крумкачы.

Дуб Гётэ

У канцлагеры Бухенвальд
фашысты падвешвалі вязняў
за ногі на дрэве, пад якім
калісьці часта адпачываў
вядомы нямецкі паэт Гётэ.
Палонныя ад такіх катаванняў
паміралі.

Праходжу праз турэмныя вароты:
Вось гэта дрэва — дуб любімы Гётэ,
І тут яго юначыя сляды…
«Вады… Вады…»
Калючым чорным дротам
Смяротнік лагера падвешаны канаць
І харкае адно крывавым ротам.
Зноў цішыня…
І Гётэ малады…
Зноў дуб хавае светлыя гады
Асеннім часам, лісця пазалотай
Свабодных думак неўміручых Гётэ…
Глухі удар хлыста і цяжкіх ботаў,
За смерцю смерць,
І стогну больш няма.
Для ката не занятак, а работа,
Звярыная прафесія — вайна…
Стаю маўкліва я на сцежцы вузкай
Ля свежых руж і памятнай пліты:
Журба Хатыні нашай беларускай
І Бухенвальда абеліск святы…

Плач Бухенвальда

Ненажэрная печ,
Сэрцаў колькіх магіла,
Ты крывёю гарыш,
Сэрца паліш агнём.
Дужка шэрая плеч,
Дзве рукі на паўсілы,
Пасівелая маці
З нямым дзіцянём.

Што так спраўна чадзіла,
Цяпер жа астыла.
Шэры попел як снег,
Ды не тае вясной.
Ты нянавісць ўва мне,
Маладым, спарадзіла,
І любоў да жыцця,
І пакуту навек.

Сафійскі сабор

На кручы над плынню Дзвіны
У белле вечнае ўбраны
Стаіш, чысты цуд даўніны,
Як помнік святы палачанам.

Як ветразь спакойнай ракі,
Ўлюбёны ў высокае неба.
П’юць ранку святло жаўрукі,
А ў доле скрозь лашчацца вербы.

Хоць біліся смерчы ў званы
І сцены жагналі маланкі,
Цапы малацілі вайны, —
Твой дзень пачынаўся світанкам.

Узносіш надзею людзей
На шчасце, на годнасць па праву,
Што з’явіцца твой Чарадзей
І верне здабытую славу.

Ты ў свеце — Сафійскі сабор,
Сафійка — у Полацку стольным.
Як твой беласценны убор
На твар Беларусі падобны!

Аб хлебе

У хлеба святая памяць аб маці
І Ленінградзе.
Нібы ў пятлі, заціснуты горад.
Голад.
Людзі збіраюць крошкі.
«Яшчэ б трошкі!..»
Вось-вось захліпнецца
     сэрца ў дзіцяці.
Маці!
«Ма-м-а-а!»
Тваімі рукамі засеяна поле.
«Хлеб-а болей…»
«Сынок, памаўчы, мілы…» —
     ужо над магілай.
Круцяцца жорны.
Белы і чорны.

Вечар сустрэчы

Люцень не дужа халодны, дарэчы.
Вечар сустрэчы, месца сустрэчы.
Школа, ты Меккай сапраўднаю стала,
Месца паломніцтва — школьная зала.
Слёзы на зрэнках, бы іскаркі свечкі.
Вечар сустрэчы, радасць сустрэчы.
Шал маладосці, мудрасці веліч.
Шчасце сустрэчы, памяці вечар.

Прадаўжэнне

Дзядулю
Скасіла куля пад Берлінам.
Трымаю немаўлятку сына,
Трымаю ўнука.
А можа, зноў працягне
          бацька рукі
І, як мяне, сыночка панясе.
І будуць слізгаць цені
          па расе.
Пад сонцам
Шчаслівыя бясконца
Я, сынок і тата…
Няпраўда, што ў сэрца
          з аўтамата!
Вось пісьмы ўсе яго,
Знаёмы почырк…
І дзедавы у сына вочы,
І родная радзімка на шчацэ,
Рука ў руцэ.

* * *

Дажджу жадаюць — не клянуць,
І кропля кветачкаю стане.
Травінка ўзыдзе, каб глынуць
Расіцы чыстай у тумане.

Так і народная душа
Не звяне ў пошласці і глуме,
Калі зачэрпае спярша
Жывой вады ў крынічным шуме.

Дажджынка ў камень пападзе,
І разляцяцца светла пырскі.
Маіх дзяцей, маіх надзей
Вятры не выкінуць з калыскі.

Альма-матар

У бярозкі жоўты ліст у косах,
Верасень у сонечным двары.
Літары свяжуткія, як росы,
На старонцы ў белым буквары.

Тут маленства пружыстыя крокі,
Ад дзяцінства да юнацтва след.
Зазвініць вясна кляновым сокам,
І кахання ўспыхне першацвет.

Дзень у дзень, і школьны век, як тыдзень,
Прамільгнецца спешліва ў жыцці.
Калі «пяць», то на душы Вялікдзень,
Калі «два» — настроем папасці.

І шчыруе школа, як планета,
Адпраўляе вырай кожны год,
Каб вачамі юнага паэта
Зноў прывеціць верасня прыход.

Пасля дажджу

І адплывала навальніца
З дажджом, бы ветразем, за бор,
Нібы пруткамі, бліскавіцай
Карункаў вяжучы узор.

Павылезшы з-пад крылаў маткі,
Стаялі ціха на страсе
Ў гняздзе двайняткі-бусляняткі
І абсыхалі пакрысе.

* * *

Усё цяжэй пчале знаходзіць кветку
Сярод сіўцоў, не кранутых касой.
Паплыў павук да восені ў разведку
Услед за самалётнай паласой.

І лес, здалося, верасню паверыў,
Надзеў бярозам космы-парыкі.
А за дажджамі праразаюць шэры,
Размоклы дол ізноў баравікі.

Да лета

Скаціўся дзень у сонечным клубку
За небакрай. І вечар па-старэчы
Кладзе туману белую руку
На цёплы луг, як на зямныя плечы.

Венера-зорка, быццам альбатрос,
Штурмуе высі над маўклівым дубам.
Цікаўны месяц вытыркае нос,
Кусае ноч свае нямыя губы.

Пра восень забываеш і зіму,
Хоць на палях каўнерык жоўты жніўня…
Я шапку перад хмараю зніму
І захлынуся нечаканым ліўнем.