Вершы

Беразвечча

Святло блакіту

Саракі

Нараджэнне вады

Пагавары са мной

* * *

У лета твар зялёны ў чэрвень,
Лугоў квяцістых сарафан,
І сонца як гаючы крэмень,
Чаромхі белай дурнап'ян.

Ўпляце істужку ліпень скора,
І лета макаўка міне,
Калі прагрэтыя азёры
Люляюць зоркі ў ноч на дне.

Ды ветразь-хмарка ціхаходам
Паўз неба ў жнівень праплыве.
І ступіць восень у прыроду
З маладзіком на галаве.

Дзве радзімы

Там радзіма мая, ў маладым Маладзечне,
Ды Глыбоччына — ў сталым мой спадчыны кут.
Беларусі маёй узмужнелыя плечы,
Сховы кожнай душы ад трывог і пакут.

Дзе палі выспяляюць валошкі і жыта,
І спяваюць грамы ў мікрафоны бяроз.
Дзе вясёлка, нібы Беларусі арбіта,
Бліскавіцы-касы адышоўшы пракос.

Вязы Вязынкі, рэй дзе Купалавай мовы,
Тут Драздовіч з Буйніцкім хадзілі ў народ.
Ў глыбачан, маладзечанцаў роднае слова
Мела вечна і мець будзе добры ўмалот.

Тут і там зацвітае зноў папараць-кветка,
Як вулканы, кастры ажываюць тады.
Дзве радзімы мае, як сябрыны-суседкі,
Зноў на лёс паварожаць у век малады.

Пад каронай нябёсамі ўзнятаю поўні
Ці у сонечны дзень зноў з жыцця пуцявін
Я вяртаюся ў думках да кожнай нароўні,
Не парушыўшы клятвы ў любові, як сын.

Маладзечна

Ты мой астравок маладосці,
Юнацтва майго успамін.
Наведаў цябе я не госцем,
А як маладзечанец-сын.

Мне блізкае, мілае сэрцу
Цяпло тваіх вулак, сцяжын.
Калісьці удоўжкі, здаецца,
Іх вымераў крокам адзін.

Крынічкай Купалава слова
Струменіць у сховах жытла.
Дзе родная матчына мова
Заўсёды ў пашане была.

Шыкуеш ты сёння дамамі,
Дзе вечна сцяліўся папар.
Здалося: я ехаў да мамы,
Ды ў двор да князёўны папаў.

На Віленскім тракце спынюся,
Даруюць хай мне Ермакі.
Я нізка табе пакланюся,
Каб быў маладым на вякі.

Грамніцы

Грамніцы мне напомнілі пра лета,
Пра жніўня арабінавыя ночы,
Хоць б'ецца ў вокны заляжалым ветрам
Зіма і люты снегам сыпле ў вочы.

А дзень шырэе, і яснее захад,
І разлівае ўсход свой вінны колер.
Ды сакавік спрабуе зблытаць карты,
Адлігай прыйдзе цёплай, як ніколі.

Ды, як вясну, вітаючы грамніцы,
Я птушцы рады у прадонні неба.
Ўжо ледзяшы звіняць, як завушніцы,
Чубы і гусі лапкамі цярэбяць.

І хоць далёка шчэ да бліскавіцаў
І першых гукаў маладога грому,
Вясна зімы адолее граніцы,
Зазелянее траўкай каля дома.

Родная мова

Дзень слова, свята мовы,
Узведзены ў закон.
Ты скрыпкай адмысловай —
Поўнагалосся звон.

Ты спраўдзіла з дзяцінства
Мяне і ў свет вяла.
Крыніцаю празрыстай,
Гаючаю была.

Я піў цябе глыткамі,
Сухменем — піў нагбом.
І быў удзячны маме
За мой радзінны дом.

Што ён сярод аселіц
Радзімы, дзе мой кут.
Дзе роднае вяселіць,
Дзе жыць жадаю тут.

Бурштынам слова свеціць
І як крышталь звініць.
Ты лепшая у свеце,
Я веру: будзеш жыць!

Віцебск

На скрыжалях шляхоў старажытных,
Там, дзе Віцьба ўпадае ў Дзвіну,
Ты паўстаў у красе самабытнай,
Перажыўшы вайну не адну.

Называюць паўночнай сталіцай,
Віцяблянам — куток дарагі.
Б'юць фантаны, нібыта крыніцы,
Дзе масты, дзве вясёлкі-дугі.

Скверам, помнікам, новым кварталам
Прыгажэеш, наш Віцебск, штогод.
Ты ў карцінах бяссмертных Шагала,
Ў назвах вуліц твой мужны народ.

Залатых рук майстроў і рабочых,
Мастакоў і паэтаў ты, наш
Віцебск родны, убраннем святочны,
Калі ладзіш «Славянскі кірмаш».

Слаўся, Віцебск, у сэрцы адзіны,
Як жыццё, непаўторны наш лёс.
Ты часцінка вялікай Радзімы
Пад шчаслівым сузор'ем нябёс.

Восень залатая

Пажухлы круціцца лісток,
Нібы ў цыгарку-самакрутку.
Ды вецер дзьме, бы у свісток,
І белы след па першапутку.

Дзяўчына ўзросту як вясна
Хавае нехаця калені.
Прыходзіць лета ў прымхах-снах,
І карацейшы дзень асенні.

Губляе свежасць жоўты пляж,
І выгляд возера убогі.
І на зімовы макіяж
Пяройдуць людзі і дарогі.

І будзе ўзрушана душа
Зноў Новым годам, несумненна.
Усё апранецца спярша
Ў марозу цёплае адзенне.

* * *

Мастака гэты вобраз яркі,
Ганарыцца выявай свет.
Беларусачку — маці-сялянку
Мне напомніў Мадонны партрэт.

Чаравала ты кожны ранак,
Ў белым вэлюме з туману,
Як ступала нагой на ганак,
Як паклон адбівала дню.

Ў полі хлебным, на лузе росным
З працы рук сваіх жыла.
Для дзяцей заўжды меданоснай
Пчолкай шчыраю была.

Прамільгнуў час адной хвілінай,
Зажурыўся вачэй пагляд.
Ды расчульвае салаўіны
Пошчак маці, як год назад.

* * *

Студня ля хаты на ціхі вулкан
Кожнай вясною падобна. Паводка
З шумам калі зносіць з месца паркан.
У цамбравіны паўзе верхаводка.

Брудам прынесеным змуціць ваду
Жылы крынічнай, што тахкае пульсам.
Так і ў жыцці, на людскую бяду,
Быць першародным не ў час беларусу.

Дзень верхаводкі, як талых снягоў,
Сыдзе. Крынічнае дно заіскрыцца…
Будзе ірвацца сіло ланцугоў,
Каб глыбінёй кожны змог прычасціцца.

Вясна жанчыны

Як на вярбе раскрыецца пухнацік,
З-пад снегу голас зноў падасць ручэй,
Прыходзіць свята з імем родным — маці,
Праменіць сонца ўсмешкаю ярчэй.

Вясна жыццё дае, нібы жанчына,
Калі прырода, быццам немаўля,
Спавітае празрыстай аблачынай,
Якой калыскай родная зямля.

Маланкі бліск і спеласць навальніцы
Пазней, як снег да сходу прывядзе,
Дзе хмар разлёт, бы бровы чараўніцы,
Якой вясна даруе цэлы дзень.

Прымерыць поўня з зорак завушніцы,
Слязою цёплай знічка упадзе.
Шлюбуе ноч, каб толькі да дзянніцы
З туману ўзбіць падушкі на вадзе.

Час абуджэння — для душы прычасце,
А можа, сэрца споведзі пад стаць.
Сустрэць вясну — жанчыны кожнай шчасце,
Каханай быць і каб самой кахаць.

Па формуле вечнасці

Парасонам над крыніцай
Распаўзлася навальніца.
Убакі, нібыта спіцы,
Колюць неба бліскавіцы.
А крынічка, нібы сэрца,
Пад дажджом халодным б'ецца…
У сусвеце з'явай вечнай,
Як і Шлях у небе Млечны.
Як світанкі і змярканні,
Як сустрэчы і расстанні.
Як само жыццё бясконца
Ад пылінкі аж да сонца!

Без вайны

У вачах стаіць воблік жанчыны на лаўцы:
У гумовіках-ботах, у рванай фуфайцы,
У выцвілай хустцы, з сівой галавою,
З апірышчам старцаў — сухой кавялою.

Сіўцоў ператлелых пад колер паглядам,
З адвечнай высновай: « Я, Божанька, рада
Жыццю, што дарована сённейка мне…
Мой муж на апошняй застаўся вайне.

Не зведала шчасця дзяцей мець, сям'і,
Цяпер дажываю свой век на зямлі.
Хаціна мая — не цяперашні мур,
Жыву без вайны, без вайны і памру…»

Я верыў жанчыне у шчырасць тых слоў,
Ды шмат супярэчлівых думак расло…

* * *

Адспяваў май салаўямі
І адснежыў цветам.
Густалістымі гаямі
Зашумела лета.

Новым мёдам канюшына
Зноў частуе роі.
Мерыць промнем, як аршынам,
Сонца жыта ў полі.

Ажываюць агароды
Сеяным насеннем.
Зноў жаданай прахалодай
Раскашуюць сені.

Цераз край у гнёздах яйкі.
Птушак пакаленне
Пырхне ў неба новай стайкай
У адлёт асенні.

Перад ноччу вечар ў жмуркі
Доўга з днём гуляе.
Месяц, нібы кот з пячуркі,
Мкне з-пад небакраю.

Асенні дождж

Асенні дождж, нібы абдымкі
Непажаданыя, калі
У цябе ў запасе ні хвілінкі,
Трымаюць, бы ў палон ўзялі.

А кроплі, нібы з лука стрэлы,
Пасланы цецівой нябёс.
Страляюць у азёраў цела
І шротам сыплюцца на плёс.

Ды ручаі, падобна магме,
З гразёй сцякаюць напрамкі.
Раллёй ваду глытаюць прагна
Палёў счарнелых астраўкі.

І дзень ад холаду пагасне,
І вечар прыйдзе ў кожны двор.
Ды ноч пасля асенняй лазні
Ад росаў вырасце да зор.

* * *

Мне б параўнаць цябе з вясной,
Што кожнай птушачцы і зёлцы,
І муравейку, і лясной
Даеш жыццё ты дзікай пчолцы,
Мне б параўнаць цябе з вясной.

Мне б параўнаць цябе з вясной,
Ад сонца цёплага дыхання
Бярэцца ў сілу зверабой,
Дзень нараджаецца з світання.
Мне б параўнаць цябе з вясной.

Мне б параўнаць цябе з вясной,
Парою светлай і жаданай,
З дзяцінства роднаю зямлёй.
Жыцця ты сімвал, мая мама.
Мне б параўнаць цябе з вясной.

Мне б параўнаць цябе з вясной,
Ды толькі гэты час далёкі
Ужо не вернецца з табой.
Ты там, дзе вечнасці аблокі,
Дзе свет бяздонны і спакой.

Лета 2010 года

Распавяду сваім нашчадкам
Пра дзень-сухмень і лета жар,
Як вецер біўся у прыпадку
І раздзімаў агмень-пажар.

Нібы лязом, агнём галіцца
Збіраўся ліпень, як вар'ят.
На крок ніводнай навальніцы
Не падпускаючы, аднак.

І апускаўся смог балотны
Туманам чорным на людзей,
І выступаў гаркавым потам,
Атравай едкай для грудзей.

Аслеп бы месяц, з кожнай ночай
Знікалі зоркі ў вышыні.
Ўладарна змей-гарыныч крочыў
І сеяў гора дзень пры дні.

Палі гарэлі, сена копы —
Ўсё нішчыў крыважэрны звер.
Травой зарослыя акопы
Чарнелі шрамамі цяпер.

У рэшце рэшт як непрыяцель
Прад сілай спасаваў людской.
Дарыла сонца кожнай хаце
Жыцця надзею і спакой.

* * *

Азерца поўнае вады,
Бы чарка зноў на пасашок.
Дажджы грыбныя ў халады —
Цыклон па восені прыйшоў.

Хоць верасень, заняўшы трон,
У лета бабіна ідзе,
Дзе дрэў зялёны парасон
Ўсё летнім колерам радзей.

Ніжэе неба да зямлі,
Блакіт губляе светлы свой.
І прыбаўляюць зноў палі,
Нібыта рошчынай, раллёй.

Надзене белы кажушок
Туман густы на паплавы.
Ноч лёгкі месяца ражок
Не скіне з чорнай галавы.

Год белай чаплі

Чапля белая
       і вялікая —
Птушка смелая,
       хоць і дзікая.
У глушы жывеш,
       дзе вады спакой.
Адзінокай лепш
       ў балаціне той.
Дзе куп'ё, і мох,
       і сыпчак-пясок.
Дзе адбітак ног
       як жыцця радок.
Чаплянятак род
       прадаўжаецца.
Птушкі белай год
       не канчаецца…

Гімн вадзе

Мой абярэг, мая крыніца,
Парой дзяцінства што напіцца
Мог часам душным і спякотным,
Такім далёкім, незваротным,
Дзе маладою маці помню
І рукатворную жвіроўню,
Дзе час свой бавілі, гулялі
І стаць дарослымі жадалі.

Ў вачах і зруб драўляны студні,
У пік вячэрні месцам людным
Было заўсёды, ды не шумным.
І, як студзёнае прычасце,
Паўнюткі вёдры, бы на шчасце,
І карамысла, быццам вагі,
Заўжды было для раўнавагі.

Малому быў калодзеж дзівам,
Адкуль вадзіцу для паліву
Пазней у бочкі налівалі,
Пад сонцам летнім награвалі.
І пара, як бальзам, у лазні,
Ад духу веніка з бярозы
Ў траву кідаўся, нецвярозы.

Ды з вышыні жыцця арбіты
Раблю свой вывад самавіты,
Што хлеб асновай сілы служыць,
Запрацаваны, саматужны.
Чаго не скажаш пра ваду:
Яна ў расе, ў дажджы, ў зярнятку.
Жыцця ўсяго яна пачаткам.

Канец зімы

Дзень раптам снегам выпаў ноччу,
І стала светла, хоць збірай
Іголкі. І чаруе вочы
І белы сон, і белы рай,

І белы храм, дзе памаліцца
Зноў прагне скутая душа.
Дзе неба зорамі іскрыцца,
Дзе ветах месяца спярша.

Мяжою лёткай прасігналіць
У цішы стоенай прастор.
І дрэвы, нібыта гусары,
Ўязджаюць ценем ў кожны двор.

Паветра, як бальзам зімовы,
Што снег фільтруе і мароз.
Вясны шчэ твар ў лядовых сховах,
Хоць са страхі лядзяш, як нос.

І белы дым над хатай свечкай,
І ніткі знічак залатых.
Кусты, як белыя авечкі,
Ў дазоры белыя платы.

Студзеньская ноч

Стаяла студзеньская ноч,
І дрэвы — не адвесці воч,
Нібы крыштальныя, трымалі
На голлі інею каралі.
А неба зоры асвятлялі.

Мільярдам, бачным простым вокам,
Іскрынак яркіх жар высока
Мігцеў, кружыў, пераліваўся,
Бліскучым роем ў ногі клаўся
Ды ў вечным руху заставаўся.

Зямля здавалася ў палоне
Снягоў сыпчатых. На далоні
Лілася цішыня струменем,
Кусты, бы рогі у аленяў,
Трызненне лучылі ад ценяў.

Бяскрайні казачны прастор,
Дзе безгалосы цемры хор.
Паходня — месяца падсветка
Над полем белым, як сурвэтка,
Дзе усяго ты толькі сведка.

* * *

Люблю я барвы восеньскія змалку,
Цяжкога неба сонца астраўкі,
Дзе праз вясёлку, быццам бы скакалку,
Шыбуе хмара злёту напрамкі.

Свяжуткі вецер, восені паломнік,
Імкліва прабяжыцца па вадзе.
Калючкі вострыць ля платоў дзядоўнік
І чэпіцца да кожнага, хто йдзе.

Вясной ўзыходзіць пераможна траўка,
Жыццё бярэ свой векавечны рэй.
Ды лашчыць зрок зноў восенню атаўка,
І пах зямлі, вясковец што арэ.

Як чараўніца, восень залатая,
Ты зебрай хваль палоніш кожны раз.
Марудны час, як раніцай світае,
І дзень, як знічка, што ў святле пагас.

Экватар лета

Разлілося морам лета
Ў ліпень месяц самы.
Перапоўнены палеткі
Жытам і аўсамі.

Поўны штыль, як кінуць вокам —
Даўгунца шарготкі.
Ў небе белыя аблокі,
Бы па курсу лодкі.

Матылькі — жывыя кветкі,
Крыльцамі палаюць.
Як шары, ў садах ранеткі
Ў голлі дагараюць.

Запавет нашчадкам

Для кожнага ў свеце і сонца, і зоры,
І неба блакіт, і вятроў перазовы,
Крыніцы спатольнай сама чысціня,
Зямное імгненне пражытага дня.

Цані, чалавеча, усё на зямлі:
Снягоў сыпчакі, сілу грому з маланкай,
Бяскрайнасць пустыні, бакенаў агні,
Як толькі прачнешся штодня ты уранку.

Ты самы шчаслівы — жывеш на зямлі
І маеш сяброў, табе роўных і родных,
І мову, як водар паветра, цані,
Нашчадкам, як дар, перадай яе годна.

Незваротнае

Здалося, ўчора плеценым кашом
Я застаўляў пад топкія навесы.
Піскур, мянтуз, нібы сапраўдны сом,
Былі маім рыбацкім інтарэсам.
Віры адны, хоць рэчкі не было,
Ды кожны памяць меў нядобрай славы.
Наводзіў страх на цэлае сяло,
А для дзятвы мясцінай быў паплаваць.
Трымаў ўжо сонца захад на руках.
Надзеўшы коням путы для спачыну,
Ватагай дружнай мы трымалі шлях
Туды, дзе вір нёс прахалоду спінам.
Мне б скінуць разам той цяжар гадоў,
Як рэчыўны мяшок з жыцця бясцэнным грузам.
І сёння ў вір зноў кінуцца гатоў,
Ды ўжо табун не той пасецца ў лузе.

* * *

Вітаю новую вясну,
Што мільгане табе пралескай
І кураслепавым узлескам
Асвеціць елку не адну.
Ды беллю веснавых садоў
І снежным покрывам пялёсткаў,
Чаромхі з хваляй халадоў
І гронкай бэзу кожнай вёскі.
Услед шыпшыны гойны жар,
Бразготкі белыя каліны
Вясны у лета мілы твар,
Як беларусачкі-дзяўчыны.
Рабіны колеру снягоў
І куст успыхнуўшы язміну.

* * *

Вясны чакаюць птушкі і жанчыны,
Адны — гняздо пад крыламі сагрэць.
Каханнем сэрца запаліць мужчыны
І ў полымі пачуццяў не згарэць.
Жанчына птушкай ў вышыню сягае,
У марах-снах няскончаны палёт.
І толькі здрада сілы надрывае,
А ў лёсе — нечаканы паварот.
Люблю вясну, і птушак, і жанчыну
Сустрэць на радасць стомленай душы.
Хай кожны з іх у сэрцы след пакіне,
Ты толькі жыць на свеце не спяшы…

Гімн пчале

Пчала не думае пра смерць,
Пчала пра жыццё дбае.
Ляціць, дзе кветачка цвіце,
З яе нектар збірае.

Як толькі зоймецца зара,
Шчэ птушкі сном спавіты,
А пчолцы ўжо ляцець пара,
Ёй шлях у дзень адкрыты.

Ды ходак ў вулей не злічыць
З пылком, бы кветак дарам.
Аддасць свой груз, назад ляціць,
І так да ночы самай.

Не завязаўся б агурок
І цвіў сад пустацветам.
Каб не чароўны хабаток,
Што карануе лета.

Пра век кароткі ёй няўцям,
Па волі пчалы-маткі
Да крыльцаў немачных яна
Працуе без аглядкі.

Ды першы раз не прынясе
З нектарам ношку ў вулей.
Яе вятрыска панясе
У рай. Хай рой шчыруе!

Год каня

Раздольна конь пасецца ў лузе —
Мінуўся наступ табуноў.
Вясна трымала днямі ў плузе,
Каб адпусціць на ноч ізноў.

Шчэ цені вечара як путы
Для згаладнелага каня.
Ды, воляй дзікаю раскуты,
Аб высілках забудзе дня.

Адчуе ноздрамі дыханне
Зямлі, ажыўленай цяплом.
І на расу ўпадзе світаннем,
Каб прызабыцца моцным сном.

Яму прысняцца шал Пагоні
І пругкасць шпораў ваяра,
Яго гарачыя далоні
І пераможнае «ура!».

Ды зноўку норавам ціхмяным
Без цугляў лейчыну спазнаць.
У баразне стаяць слухмяным
І ціха вобземкі сканаць.

Дуб

У дуба бархатны сезон.
Вакол у чырвані рабіны,
І толькі з жалудамі ён
На вецці, як рагах ласіных.

Ні дождж, ні рэдкі градабой
Не адарве жалуд няспелы.
Хоць папяроўкі да адной
У жнівень з яблыні зляцелі.

А ён, самотны прыгажун,
За лета верасень прымае.
Над ім запознена пярун
Маланкай неба расшывае.

Кустом бязлістым ягамосць
Арэшнік ціха вечаруе.
А дуб, нібы нязваны госць,
Ўсіх яркай зеленню чаруе.

І жоўты ліст пачне раняць,
І сыпаць звонка жалудамі,
Каб ласкі сонца не спазнаць,
Прамёрзшы снежня халадамі.

Птушкі зімы

Ёсць птушкі, што нас пакідаюць
Асеннім няветлівым днём,
Як лісце да ног ападае,
А кроны палаюць агнём.

Мне птушкі мілей адналюбы
І людзям, і краю свайму.
Сініцы, што ў шыбіны дзюбай
Пазвоняць не раз за зіму.

З'яднаныя дружбай крылатай,
Ім край, як і мне, дарагі,
Маўклівыя галкі над хатай,
Вароны, што вершаць стагі.

Па леце тужлівую радасць
З сабой прынясуць галубы.
І шустрай сямейкай над садам
Вяселяць душу вераб'і.

Ды святам у холад зімовы
Здаецца імгненне пары,
Як з неба дэсант адмысловы
Свой скінуць ў мароз снегіры.

А ў лесе сарокі і сойкі
Страсаюць сняжынкі з галін.
Дупло для рахманай вавёркі
Выдзёўбвае дзяцел адзін.

Нарадзіўся Янка

Вязы, дроў вязанка,
Вязынка-сялянка.
Хата з брылём-ганкам,
Дзе спявала Янку
Маці калыханку.

З травы тканым паскам,
Дзе зліліся краскі,
Спавівала лета
Не дзіця — Паэта.

Лёгкія вятрыскі
Гойдалі калыску.
Гаі і дубровы
Неслі гукі мовы.

Бліскавіцы струны
Рвалі ўноч пяруны.
Хмараю над полем
Слалася нядоля.

Ды радзінаў сведка —
Папараці кветка.
Каб рушыць папары
Жыцця Божым дарам.

Ды здабыць свабоду
Вершам для народа.
Каб у кожнай хатцы
Заўжды
ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА….

* * *

Нудзіцца восень. Пакідаюць
Папінкі познія сукі.
І туманы, як слімакі,
Да ўзгорка шчыльна прыліпаюць.

Азізла ўсё. І скавышы
Заціхлі ў позе нечакана.
І толькі поле свежай ранай
Чарнее мёртвае ў цішы.

Суцемак дня. А сам прастор
Падобны на рабое зрэб'е,
Дзе лісце з маладзенькіх вербаў
Сцякае ў жорнавы азёр.

Час безгалосы. Не сняжыць,
Слатою душы прыручаем…
Ізноў пачуцці хлынуць маем,
Як луг званочкам зазвініць.

* * *

Я родам з той зямлі, што стала
Радзімай песняра Купалы.
Ды блізкі той куток мясцін,
Дзе Багдановіч быў Максім.
І Ракуцёўшчыны скрыжалі,
Дзе вечна сеялі і жалі.
А Хоўхлава мястэчкам людным
Было калісьці, дзе сам Будны
Прадоўжыў кнігадрук Скарыны
У час далёкі, час былінны…
Дзе Ермаловіч з Каханоўскім
Віталі дом мой ермакоўскі.

* * *

Жнівень карануе лета
Ў небе месяца сярпом,
На зямлі — вяночкам з кветак,
На вадзе — чаўна вяслом.
Паяском тугім туману
Звяжа сенныя стажкі
Ды вясёлкай, нібы кранам,
Знясе хмараў астраўкі.
На асцё падобны восы,
Вулей — яблык наліўны,
Цень няскончаным пракосам
Падганяе сонца дні.
Вецер зранку прахалодай,
Бы намоклы ручнічок.
Толькі цешыцца свабодай
Кропкай бачнай каршучок.

* * *

Мароз учэпіста трымае
У ледзяшах карункі стрэх.
Жаўрук у небе сола грае
Пад ручаёў вясновы смех.

І волі прагне ўжо пралеска,
Прабіўшы снегу шкарлупу.
Ды восень выцвілаю фрэскай
З пагоркаў змыецца ў раку.

Вясна зноў модніцай найпершай
Жаданай прыйдзе ў раз які.
Паэты зноў напішуць вершы,
Карціны створаць мастакі.