Вершы

Беразвечча

Святло блакіту

Саракі

Нараджэнне вады

Пагавары са мной

Акварэлькі вясны

Зноў вясна адзывае ўсіх птушак,
Як прызначаных ёю паслоў.
І грамы, як з зараджаных пушак,
Б'юць маланкамі ў грудзі лясоў.

Цёплы вецер смакуе ільдзіны,
Смагу ўсё не натоліць ніяк.
Сонцу першым падставіўшы спіну,
Нерастуе ў затоцы шчупак.

Туману забялеюць мярэжы,
Додзень бы рукатворны калаж.
Як прычасцем, кляновікам свежым
Адгаўляецца першы мураш.

Ды крыло матыля, як вясёлка,
Мільгане між пасохлай травы.
І рухавая, зумкая пчолка
Хабатком п'е няктар сінявы.

* * *

Ах, якія зоры!
Млечны Шлях разорай,
Скопішчы Плеяды,
Россыпы Гіяды,
Ззянне Андрамеды,
Лебедзя прыкметы.
Ля Малой Мядзведзіцы
Коўш Вялікай свеціцца.
Голуб небны зорыцца,
Заяц Псу не скорыцца…

Ды з кутка Радзімы
Найчасцей глядзім мы
На месяц і сонца,
Што гараць бясконца,
Каб расла травіца,
Ззяла бліскавіца,
Не мялелі рэкі,
Век імкнуў за векам
І расло карэнне
Новых пакаленняў.

Нечаканы антракт

Цыклон. Халодны дождж. Агарак лета.
І мокры дзень пасля гарачыні,
І град сарваных бураю ранетак,
Хоць Спаса шчэ не наступілі дні.

Прырода ўся пад парасонам неба,
І вільчык хаты, і гняздо бусла.
І грае дождж па лодкі тонкіх рэбрах
І па лязу, сцякаючы, вясла.

Ды выхадны упершыню у пчолаў
І перамір'е ў пеўняў на мяжы.
Адзін вятрыска малады у голлі
Раз-пораз ладзіць зноўку куражы.

І не праб'ецца голас летняй птушкі,
І не засвецяць крыллем матылькі.
Ды толькі моху мокрую падушку
Праклюнуць зранку зноў баравікі.

* * *

Мядзведзіцы жоўты вазок
Цягне па небе поўня.
Знічкі начной лязо
Успыхне халодным промнем.

Светлай здаецца ноч,
Слепле акно ў фіранцы.
Цені адны наўзбоч
З дрэвамі ў белым танцы.

Голас падасць цягнік,
Быццам бы птушка каня.
Новай вясны сакавік
Першай пралескай гляне.

Ідылія

Віруюць ластаўкі асцём
Пад неба пазалотай.
Ды сонца сочыцца святлом
Паўкруг праз ніты плоту.

Нібы падвешаны, жаўрук
Звініць над росным полем.
Трымае дзюбу, як муштук,
Бацян у лёце кролем.

Як самалёцік, каршучок
Высока дзень завершыць…
І лета жнівеньскі радок
Застанецца у вершы.

І лета макаўка міне

У лета твар зялёны — чэрвень,
Лугоў квяцістых сарафан.
І сонца — залацісты певень,
І лес на ўсходзе як паркан.

Ўпляце істужку ліпень скора,
І лета макаўка міне,
Калі прагрэтыя азёры
Спяць з прахалодаю на дне.

І ветразь-хмарка ціхаходам
Паўз неба ў жнівень праплыве.
І ступіць восень у прыроду
З маладзіком на галаве.

* * *

Дарагое, як сон. У той хаце
Наздраваты пах кіслых бліноў.
На мадонну падобная маці
Рэжа бохан духмяны ізноў.

Сырадой бы кіпіць. Маслабойкі
У крышталіках першых — крыжы.
І на лусце жаўцявыя долькі,
Саладуха, хоць пуп развяжы!

А кісель-аўсянец! Елі посны,
Як раскоша каляднай куцці.
У начоўках праз хату да кроснаў
Я і сёння гатовы плысці.

Каб скародзіць за хатаю поле,
Вяршыць копы з бярозавых дроў.
…Ды Парыж еўрапейскі ніколі
Лепш не будзе маіх Ермакоў.

* * *

Жанчына гаворыць
Вачыма,
Калі ў іх святла
Не стае.
Жанчыну
Пакрыўдзіў
Мужчына,
Пазбавіўшы
Шчасця яе.

Жанчына гаворыць
Вачыма.
У радасці ці у бядзе
Кароткім ці доўгім,
Магчыма,
Ёй здасца
Ад гэтага дзень.

Жанчына гаворыць
Вачыма.
Зусім не паглядам
Нямым.
Жанчына гаворыць
З мужчынам
Пра толькі вядомае ім.

Не арэхавы год

Садам зайздросцячы, арэшнік,
Нібы пакрыўджаны з вясны,
У санцапёк, нібыта грэшнік,
Хаваўся ў гушчары лясным.

Наўкруг яго дубы звінелі
У завушніцах жалудоў,
Ад гаркаты штодня хмялелі
Каліны ў чырвані пладоў.

Паляны ў пацерках суніцаў,
Ў сухіх сіўцах баравікі.
Хваіны ў золаце жывіцы.
І пах чабору ля ракі.

Гарачыня без навальніцы,
Гаючы рэдкі дождж-сявок.
Сіло сатлелай бліскавіцы,
Туману восеньскі дымок.

Зыход лета

Хвалі, як бенгальскія агні,
Блікі дагараючага лета.
Адыходзяць сонечныя дні,
Салютуюць залпамі ранетак.

Неба зацяжарала дажджом,
Справіць хутка восень нарадзіны.
І глядзяцца ледзь не ў кожны дом
Гронкамі ружовыя рабіны.

Сіла лета перайшла ў зямлю,
І жаўцее лісце зверабою.
Зажурыла восень цішыню
Туманом, як пенай сырадою.

Ды жаўрук не пырхне з-пад нагі,
Толькі бусел прагне ў небе волі…
Павуцінне, быццам ланцугі,
Да снягоў скавала наваколле.

Канец дня

Дзень, сваё адгаварыўшы,
Адшумеўшы, аддажджыўшы,
Апускаецца на дол.
Цені, як сляпыя мышы,
Распаўзаюцца вакол.

Адвячорак нібы певень:
Захаду чырвоны грэбень,
Крылы-промні убакі.
Ластаўкі як стрэлы ў небе,
Хмараў лёгкія вянкі.

Сонца, поўні здаўшы змену,
Пакідае хатаў сцены,
Тоне, нібы карабель.
Вырываецца, бы з тлену,
Ноч бухматая, як чмель.

Толькі зноў на агародзе
Невідушчы крот скародзіць,
Узрывае цалікі.
Ды запальвае на ўсходзе
Лета зоркі-светлякі.

Прэлюдыя восені

Прыскочыў вецер-невідзімка,
Скрануць не здолеўшы раллю.
Страху, бы лёгкую хусцінку,
Сарваў і кінуў на зямлю.

Гнуў дрэвы ўсе з мядзведжай сілай,
Рваў хмары, нібы ласкуты.
Падняў капежку, як на вілы,
Каб зноў скруціць з яе жгуты.

Скакаў праз нізкія парканы,
Узгоркі, цёмныя яры.
Ды часам, быццам воўк загнаны,
Кідаўся ў вузкія двары.

І змогшыся пад самы вечар,
Слабець пачаўшы на вачах,
Зрабіўшы спробу ўсцяж пабегчы,
Падняўся пылам і зачах.

Ўгары ізноў свяцілі зоры,
І ліўся поўні жоўты свет.
Гаілі сонныя прасторы
Віхуры ўтаймаванай след.

Пакровы

Зямлісты неба колер
І ні жывой пражылкі.
Нясуць вятры ў прыполе,
Нібы святло, сняжынкі.

Паўвосені ў прыродзе,
Прапахлі пуні летам.
Зіма на падыходзе,
Дажынак песня спета.

Рудое ржышча ў полі,
Счарнелы лапік лёну.
На павуцінні ў голлі
Званочкам лісцік клёну.

Густы сівец туману
Глыне ля рэчкі вечар.
І пад шулы паркану
Падставіць мякка плечы.

* * *

Выжарыны спаленых хат,
Пустыя шпакоўні.
Саду здзічэлы пагляд
Пад сонцам, як поўняй.

Чэрвеня безгалосы дзень
Ад ранку да вечара.
Вайны рукатворны агмень
Бязлітаснай сечай.

Асвечаны морам слёз,
Перажыты гадамі.
Радзімы пакутны лёс,
Ды не сталі рабамі.

У памяці цяжкі грэх
Асуджанага пакалення.
Часу імклівы бег,
Пробы высокай сумленне.

Крывічанка

Як да твару, табе да твару
Саламянае жніўня святло.
Капялюшыка вабныя чары,
Броў дзявочых жывое сіло.

Зоркі яркай таемны позірк,
Неруш вуснаў, вясна грудзей.
Не скрадзе маладая восень
Першацвету шчаслівы дзень.

На Ядвісю калючай ігрушкай
У каханні падобнай быць.
Лёсу мележаўскай Чарнушкі,
Закаханай, не раздзяліць.

І купалаваю Паўлінкай
Слова роднае шанаваць.
Еўфрасінні святой галінкай
Ў радаводзе крывіцкім стаяць.

* * *

Возера нібы капейка,
Блікі сонца на вадзе.
Качак шустрая сямейка
Разбівае дзюбай цень.

А яшчэ: нібы на троне,
Лебедзь белы — на вадзе,
Ціха у святла на ўлонні
Сустракае кожны дзень.

Прыгажуняю заранка,
Месяц-серп на галаве.
Зноў Мядзведзіца на санках
Ўноч па возеры плыве.

Ды штораніцы гняздзяцца
Ў кожнай лодцы туманы.
Прахалоды ўжо баяцца
Безгалосыя грамы.

* * *

Раніцы раздзьмуханы касцёр,
Захаду сівыя галавешкі.
Зноў свідруе восеньскія сцежкі
Джалам з лісця малады віхор.

Днём вясёлкі летнюю касу
Да вясны закіне гром за хату.
Пасадзіўшы месяц на лапату,
Кіне ў зорнасць і пралье слязу.

Мо таму кароткі стане дзень.
Што святло на крылах белых гусі
Панясуць у вырай…
        Толькі цень
Застанецца тут, у Беларусі.

Па крыві

Мы па крыві з табой — браты,
Дзе з небам шэпчуцца жыты.
Дзе я шчаслівым быць хачу
І мазалём за ўсё плачу.
Дзе бальшакі вядуць у свет,
Ледавіка азёрны след.
На валатоўкі, курганы
Святыні льюць свае званы.
Дзе знічкі сыплюцца бурштынам
Ў Дзвіну, што бачыла Скарыну.
Дзе белы снег сярод бяроз,
І травы белыя ад рос.
Дзе дзень з мільярдаў дзён — адзін
Завецца часам нарадзін.

* * *

Зноў зіма бы язык прыкусіла,
Не чутно ні завей, ні віхур.
І вясна, не растраціўшы сілы,
Расцягнула вясёлкавы шнур.

Ўшыркі дзень разрастаецца спора,
Сакавік распачаў саракі.
Гнёзды-лапці лазовай аборай
На бярозах шнуруюць гракі.

Ды папар падстаўляе там плечы
Пад вятрыска, каб снегу растаць,
Цень стрыножыўшы, ў хованкі вечар
З поўняй будзе да ранку гуляць.

* * *

Бацькоўскі дом, як карабель у моры,
Дрэйфуе ў белай роскашы снягоў.
Вясною тут хвалююцца разоры,
І толькі ўлетку штыль вакол яго.

Увосень пенай жоўтай лістабою
Аздобіцца ягоны ціхі двор.
Дзяцінства дом плакучаю вярбою
Глядзіць самотна у нямы прастор.

Панік старэча згорбленай страхою,
І ганак — як стаптаны чаравік.
Не фыркне конь з рыпучаю сахою,
Як ранак зноў абвесціць маладзік.

Ды пасля клёпу ў маладой атаве
Каса не будзе бавіць сенны час.
Як вочы, вокны ў ставеньках-аправах
Жывуць надзеяй светлай кожны раз.

* * *

Ты знічка схованкі-сустрэчы,
Ільняных косаў вадаспад.
Мне дараваў спакусны вечар
Далоняў лёгкіх лістапад.

І стану цёплага вяночак,
І неруш спуджаных грудзей.
Кароткі цень пад поўняй ночы,
Падковай згубленаю дзень.

Зарослай сцежкаю да хаты
Дарог скрыжалі маладых.
Цвітуць вяснушкамі дзяўчаты,
Нібы пялёсткамі сады.

* * *

Варон маўклівых чараду
Зноў гоніць вечар да начлегу.
І кураслеп пад шапкай снегу
Глядзіцца ў золкую ваду.

Дзень скручвае рупліва плед
І ветрыкам прасуе сцежкі.
І поўні юная усмешка
Успыхвае на небе ўслед.

І промняў тонкія атосі
Нібыта цягнуць воз цяжкі.
На цені, на начныя восі
Туману скінуты мяшкі.

* * *

Прамільгне зноў зіма, і вясна адзавецца
Ручаём, што, атулены сонцам, звініць.
Адгукнецца пралесцы зноў молада сэрца,
І адтае душа, каб кахаць і любіць.

Ледзяшоў дзіды сонейка вострыць у поўдзень,
Мо кальчугай зазвоніць апоўначы лёд.
Ды няўцерп кожным днём пчолам жыць у калодзе —
На пухнаціках вербаў зноў сочыцца мёд.

Колюць вочы калючкі сухога дзядоўніка,
Што на снег сыпле попел сатлелых сцяблін.
Паплывуць хмары ўдаль, нібы тыя паломнікі, —
Адагрэцца з зімы ля гарачых краін.

Пройдзе злосць маразоў. Снегіры і сініцы
Адлятуць ад людзей ладзіць гнёзды свае.
У эфіры жывым чысты голас крыніцы
Зноў паўторыць у май малады салавей.

Жыццё

Усмешцы варта загуляць на твары —
І чалавек, бясспрэчна, зажыве.
Яго ўладарна раскашуюць мары,
І думкам лепшым цесна ў галаве.

Ён — у захапленні ад зямнога:
Не наталіцца чуйная душа
Ні пахам кветак лугу веснавога,
Ні музыкай сухога скавыша.

Гатоў мяняць ён сцежкі на дарогі,
Рукой пакратаць блізкі небакрай.
Тварыць жыццё да стомы і знямогі,
Каб потым сціпла папрасіцца ў рай.

За не адно пасаджанае дрэва,
За родных дзетак, іх шчаслівы час,
За ўласны дом, ад ветру і залевы
Што дабрынёй сагрэе кожны раз.

* * *

У просінь звузілася восень,
Падстрыгла крылы страказе.
Астатнік бусел сонца просіць,
Замёрзлы на адной назе.

Ляцяць лісты, нібыта стрэлы,
З-пад жоўтай цецівы галля.
Туман пад вечар пенай белай
Разліўся густа на палях.

У поўнач поўня неба ўздоўжкі
Захоча мераць, як цалік.
Ці доўга?.. Зноў пакажа рожкі
Над хатай новы маладзік.

Нарадзіны верша

Вецер праваруч паўднёвы,
Сонца нібы вершнік.
Зноў з душы ірвуцца словы —
Нарадзіны верша.

Вобраз спее ў думках-мроях,
Ўсё ясней здаецца.
То расчуліцца спакоем,
То як птах заб'ецца.

То сягае… У вышыні,
То прастор скародзіць.
І ў радок блакітна-сіні
З-пад пяра пяройдзе.

Ігнату Буйніцкаму

Дваранскі род і гонар крывічан,
Ды лад жыцця тамтэйшых беларусаў.
Адзін з вядомых ў свеце глыбачан
І уладар шляхецкіх пышных вусаў.

У дождж і снег, на колах ці санях
Вёз радасць у батлейцы простым людзям.
Ды пугай, паганяючы каня,
Спяліў надзею: жыць тэатр будзе.

Цярпеў за мову ад улад папрок,
Строй беларускі быў заўжды ў пашане.
Ад Вільні і да самых Празарок
Віталі Гната ўдзячныя сяляне.

Духоўным бацькам называў народ,
Тэатра бацькам стаў сваёй Айчыне.
Гады сукае веку калаўрот,
Ды памяць не губляецца аб сыне.

* * *

А. С. Майсеенку

Ніхто нам, сябар, не заменіць
Ні аркуш белы, ні мальберт,
Калі з душы святло праменіць,
Бо ты — мастак, а я — паэт.

І цудадзейна, з Божым дарам
Уточак выведзе рука
У фарбах, дзе іскрыцца Шчара
І помніць нас дваіх рака.

Дзе кожны дзень, нібыта свята,
Дзяцінства ў Свяціцы гады.
Парог пакліча роднай хаты,
А ты ужо не малады…