Вершы

Беразвечча

Святло блакіту

Саракі

Нараджэнне вады

Пагавары са мной

Святло блакіту

Лугавымі фарбамі палескімі
Зацвілі пялёсткамі пралескі,
Каб пасля святло свайго блакіту
Перанесці на валошкі ў жыта.

Свечкамі успыхнуўшай гарлянкі
Засініць з расы наймітку ранкам.
Зазвінець раскрытымі званкамі
Ды паплыць купальскімі вянкамі.

Луннікам пад поўняю лілеяць,
Зубніца дзе бэзава сінее,
Сверцыя, сон лугавы, гарычка
Свецяцца запаленай газнічкай.

Касачы раскрытаю далоняй
Жужаля на цёрн калючы гоняць.
Шчурка з прыгажуняй-страказой
Хмеляцца балотнай дзеразой.

Сінькаю пральецца неба ў лён,
Каб лагодна ўзяць душу ў палон.

* * *

Сумуе сонца днём па леце,
Ніжэй схіляе галаву.
І зоркі, месяцавы дзеці,
Зноў скачуць весела ў траву.

Прытупне гром ўгары абцасам.
Міргне маланка перуну.
Разгладзіць хмара, нібы прасам,
Вясёлкі цёплую спіну.

Па жніўню справіўшы памінкі,
Запрэгшы раніцы вазок,
Махае верасень галінкай
На лета бабіна знарок.

* * *

Вочапам захад над бруйнай ракой
Сонца вядзерца трымае.
Вечара летні густы спакой
Далеч ва ўладу прымае.

Сосны, як свечкі, пагаслыя днём,
Вогнікам зорак успыхнуць.
Месяц у рэчку нырне акунём
Спіну пярэстую выгнуць.

Цемрадзь аплавіць узвышшы-груды
Поўначы чорнаю магмай.
Коўш свой нахіліць — зачэрпне вады
З рэчкі Мядзведзіца прагна.

Летам

А час, як знічка, праімчаў,
І чэрвень ноч скруціў у скатку,
І месяц стомлена маўчаў,
І додня прарасло зярнятка.

Не высыпалася пчала,
І багацелі птушак зыкі.
Ды дзераза ў барах цвіла,
Вусы раскінуўшы, як лыка.

І срэбрам ранішнім лугі
Ад росаў і сіўцоў бялелі.
А з-пад вясёлкавай дугі
Маланкі спіцамі звінелі.

Зязюляў менела. Каршун
Вышэй да сонца падымаўся.
І доўга спачываць пярун
У хмары восені не клаўся.

* * *

Апошні снег зімы-вяртанкі,
Цяжкі, бы восеньскі туман.
А ў згадках юнай глыбачанкі
Вясны прачытаны раман.

Плыве дзявочы капялюшык
І асвятляе сумны дзень.
Снег ахінае белым плюшам
Цяпло прабіўшыхся грудзей.

Крэскі вясны

Злятаюць з коцікаў пялёнкі,
Вісіць туману ручнічок.
Скідае воблакаў валёнкі
З нагі сваёй маладзічок.

Спраўляе красавік абноўкі —
Красуе рунню зноў ралля,
Пралесак сінія галоўкі,
Пялёсткі крыльцаў матыля.

Праклюнуў песняю вясенняй
Надзем’е змораны жаўрук.
Іграе дзяцел на вяселлі
Вясны — звініць струною сук.

Рыбачыць першы раз вясёлка,
З вярбы прыладзіўшы кручок.
Прамокла радасная пчолка,
Пад дождж папаўшы, бы ў сачок.

Позняе

Лебедзя крылом туман махае,
Сонца блісне рожкамі смаўжа.
Зноў на клёне лета дагарае
І на бэзе квецені іржа.

Прасігналіць чарадою галак
Вецер на паўмокрым бальшаку.
Хвалі пачынаюць, нібы валак,
Церці, як каноплю, асаку.

Апрануўшы жоўтую манішку,
Лес успыхне свечкамі бяроз.
Трушчачы ялін сухія шышкі,
Па калдобах прагрукоча воз.

Журавін пара ізноў адыдзе,
На чарнічнік ляжа свежы снег.
І зіма у вобразе-прывідзе
Аб сукі праколе белы мех.

* * *

Які магічны паварот,
Бы часу знойдзена падкова.
Цябе сустрэў праз столькі год
У навальніцу выпадкова.

Калі маланку, нібы меч,
Хаваў вясенні гром у хмару,
Калі на плёс жаночых плеч
Дажджынкі скочваліся з твару.

Здалося, слухаў двух багоў.
І лёс мне быў як пакаранне
Ад неба за маю любоў
І звышчаканае каханне.

Я сніў дзяўчыну ў светлых снах,
Сустрэў жанчыну ў срэбры ліўня.
Мая далёкая вясна
Пярсцёнкам празвінела жніўня.

Пад паўночнай зоркай

Куток бацькоўскі пад паўночнай зоркай,
Сурвэт снягоў і сцятасць маразоў.
Травеюць тут красавіком пагоркі,
І колаў грук на змену палазоў.

Як кінуць вокам — бачны габелены
Гаёў малочных, залатых бароў.
Тут захаду прасмаленыя сцены
Астуджаныя ружаю вятроў.

Ты на зямлі маленькая радзімка,
Радзімы край, адкрыты мне ў жыцці.
Хай апынуся ў вечнасці ў абдымках —
Застанешся валошкаю цвісці.

Нараджэнне вады

Ручай, як з яйка птушаня,
Праклюнуў шкарлупу-ільдзінку.
Спачатку ў след папаў каня
І затрымаўся на хвілінку.

Счакаўшы поўных берагоў,
Гулліва збег па каляіне
У вір настоеных снягоў,
Каб растварыцца ў мутнай ціне.

Як свежай рошчынай з дзяжы,
Луг захлынуўся зноў вадою.
Са стрэх цурчэлі капяжы,
Нібы струмені сырадою.

* * *

Заносіць пяском парог
     роднай хаты.
Вокны як краты.
Астыглая сажа
     у дымаходзе,
Галкі не родзяць.
Саржавелы гадзіннік
     з мядзведзямі,
Стол шашалем з’едзены.
Нібы пратэзы,
     у чалесніку вілы,
Подпал прагнілы.
Павуціннем зацягнуты
     жорны,
У плесні столь чорнай.
Зеўраць без дна кашы,
Хата без душы.

За год да ХХІ стагоддзя

Хоць студзень з люценем даўгі
Шчэ не вярнулі поўным возам,
Снягоў не складзены стагі
І не адліты ў лёд марозы.

Пакуль ручай, як каснічок,
Не развязаўся пад нагамі,
Не перакінуў праз плячо
Вясёлку дзень ўгары над намі.

Ды будзе вуснамі каса
Расой атавы наталяцца,
І прыйдзе час у каласах
Зярняці сілай налівацца.

Бы з лапцяў, сплеценых з лазы,
З буслянак вернуцца у вырай
Буслы, і ў рэчках ментузы
Нырнуць да лета ў бездань віру.

Як здзівіць снежня першаслед,
Каб сведкам веку і прыродзе
У поўнач стаць, як ступіць свет
Зноў на мяжу тысячагоддзяў.

* * *

Чаўны, чайкі, час шыпшыны.
Снежань, веяю сняжыць.
Пчолы рады канюшыне,
Сані ў полі труць глыжы.

Шэпча мятлік ў сонным лузе.
Ў белым панцыры палі.
Паплавы як шчасця вузел.
Валак зебрыцца раллі.

Лета душнага ўспаміны.
Памяць бомаў пад дугой.
Сонцам паленая гліна.
Сэрца ранена тугой.

Дачы на Нарачы

Стары нарачанскі сад
Карэннямі цягнецца к возеру,
Зусім маладзенькі салдат
Глядзіць Куляшовым позіркам.

Трымае гадоў тугу
Ў малінніку дачны дворык,
Дзе вішня на самым рагу
З грушай Лынькова гавораць.

Дзе праз паркан і мяжу
Сцежка крадзецца да ганка,
У вокны, бы ў вочы, гляджу
Дачы Максіма Танка.

У хвалях вады неспакой,
Хутка канчаецца лета.
Знічкай, нібыта рукой,
Ноч бласлаўляе паэтаў.

Завіруха

Сняжынкамі, як вейкамі,
Міргнула цішыня.
І веі-белазмейкі
Нікому не стрымаць.

Б'ючыся аб таросы
Чарнеючай раллі,
Кладзе віхор пракосы,
Гудзе, нібы чмялі.

У гушчарах сарокі —
Прыцэламі хвасты —
Кідаюць меткім вокам
У шорсткія кусты.

Сукі нібыта рыльцы
Спалоханых дзікоў.
Чакае пагаліцца
Лес зноў маладзіком.

Сёстрам

Я вам пакуль не прысвяціў радка,
Хаця жыцця ўжо стрэхі абамшэлі.
Пайшла і хата наша з малатка,
Якую доўга мы цяплом не грэлі.

Падстрэлены гадамі журавель
Хіснуўся ўбок сваёй жалезнай дзюбай.
Вядзерца днішча, як стары рубель,
Журботна пракацілася па зрубе.

І бацькі франтавыя медалі,
І маці вышыванкі-рукатворы
Мы падзяліць,
     як грошы,
          не маглі
Пад абразом,
     знямелыя ад гора.

Пачатак зімы

Вецер арфуе насыпаны снег,
Ля плота збівае валёнкі.
Спуджаны голас залётных кунег,
Вей белакрылыя гонкі.

Чорным арэхам шпакоўня ўгары
Ў інеі кроны імгліцца.
Ў рызах слупы, як зімы святары,
Выйшлі на лета маліцца.

Вечар каўтае клубчаты дымок,
Конь снег натрушаны месіць.
Ноч прымярае, нібыта канёк,
Ў неба да воблака месяц.

Снежань нямы апячэ далягляд
Поўнач раскошаю зорнай.
Першы мароз, як з пад’ёму салдат,
У лесе агучыцца горнам.

* * *

Бераг. Вечар. Кастроў веча.
Іскрын-светлін выдых зорны.
Жалудамі, бы карцеччу,
Абстраляны плёс азёрны.

Як салдацкая пілотка,
Што зляцела з галавы,
Ў белай пене стыне лодка,
Два вяслы — два рукавы.

Ад агню над цішай сцежкі
Калыхнецца смуглы цень.
Дагараюць галавешкі,
Рассыпаюць зор ірдзень.

Рабінавы дзень

Нібы туман, страсаюць стрэхі
Спякоты летнюю нуду
Кідае лівень, як арэхі,
Цяжкія кроплі у ваду.

Жытоў бурштынінкі-зярняты
З калосся сыплюцца на дол.
Грамы, захмарныя гарматы,
Грымяць нязмушана наўкол.

Ілля зажынкам ладзіць лазню.
Над парасонамі стагоў
Маланка зырка вокам гляне,
Нібы шукаючы каго.

Ды галавы падняць не можа
Прамоклы вецер ад травы.
З шнура фартух кароўкай божай
Імкне ў абдымкі крапівы.

Пагаслыя у траўні свечкі
Агнём успыхнулі рабін.
Каштаны, як жаўткі з яечка,
З крывёй змяшаліся калін.

Змена квадры

Лязо маланкі у зямлю,
Бы нож у бохан хлеба.
Гром працінае цішыню
Па кроквах, як па рэбрах.

І лезе хмара — вясны дар,
А галава — у плечы.
Зямля дажджу адкрыла твар
У красавіцкі вечар.

І разгавеецца прастор,
Каб аджывіцца жытам,
Жывіцу пусціць смольны бор,
І лівень скончыць квіты.

Залевы ранняе святло
На сподзе неба дужкай.
І забялее зноў сяло
На туманах-падушках.

Дома

Кветка кожная прывеціць,
Зорка радасна ўпадзе —
Не сустрэць вясны у свеце
І зімы такой нідзе.
За сцяжынкаю — дарога,
За крыніцаю — рака.
Тут сяброў сустрэнеш многа
І нярэдка — сваяка.
Слова чуеш гаваркое
З вуснаў хітрых байдуна:
То душэўнага спакою,
То як выбух перуна.
Дзе не маюць загатовак,
Пашкадуюць жабрака,
Дзе аднолькава нязломак
З правай левая рука.
Дзе над кожнаю труною
Спавядаецца душа…
Дзе пад раніцу вясною
Нараджаюцца спярша.

* * *

Вырай — растрывожаны вулей.
Мытнік першы раз бездапаможны:
Легіён бязвізавых гусей
Пралятае мытню асцярожна.

Шыю цягне стомлены важак
На званочак жаўрука ляснога.
Як з сямейства рэдкага вужак —
У бярозах чорная дарога.

А буслянак, як капелюшоў,
Быццам час вясновых каранацый.
Дождж-сявок прысадамі прайшоў,
Пакалоўшы аб ігрушу пальцы.

Хмары, нібы крылы ветрака,
Развярнуў на поўнач цёплы вецер.
Вераб’ёў вясёлых талака
Атрасае ад макрэчы вецце.

Экватар зімы

На поўдні шчэ хаваюцца грамы,
Рапірамі маланак ў небе звонячы.
У нас на колах поўні паўзімы
Адвезена на край далёкай поўначы.

Ужо дзяніцца ўсмешкаю раней
Прасвечвае паўснежныя узмежкі.
Дарога, бы наждачка, для саней
Выкочвае груды, як галавешкі.

У садзе груша, бы ад ветру ёрш,
У ледзяшоў адліжная падсочка.
Адхуквае сонца усё больш
У студні замарожанае вочка.

Глытае вечар з дымам туманы,
Ды, зрэдку папярхнуўшыся марозцам,
Пячэ па снезе прэсныя бліны
Ў разоры чорнай, як на скавародцы.

Ў бярозы наліваецца кара,
Нібы да родаў маладыя грудзі.
Ігліцу, як іголкі, у барах
Прашыць грыбніцу,     вострыць цёплы студзень.

* * *

Зноў конікаў цырульня
Адкрылася ў траве.
Шпакі праводзяць гульні
Прад выраем свае.

Туманам, як балотным
Самшоны мохам дзень.
І надвячорак кротам
Крадзецца па градзе.

Маланку зацугляўшы,
Ад’ехалі грамы.
Заплача ноч, счакаўшы
Прысуд зямлі нямы.

Парэпаныя сцежкі.
Ваколіца. Сухмень.
Бы лета галавешкі,
Ралля, дзе быў ячмень.

Фантазіі вясны

Звісаюць абоймай са стрэх ледзяшы,
Ляжаць, нібы ток, агароды.
На яйках галубка ў застрэшным кашы
Звярае гадзіннік прыроды.

А вецер, сарваўшы ўсе звязкі свае,
Зноў флюгера жэстам гаворыць.
Старая, патупаўшы, снег абаб'е
І вокны ад сонца зашторыць.

І выедзе дзед на яловым кійку
На лаву з ацепленай хаты.
Падсобіць падковаю конь ручайку,
Разбіўшы лядовыя краты.

На вока — зіма не зіма на двары.
Ды весняе чуйна ў прасторы.
Гракі мак таўкуць, нібы ў май камары,
Мароз ледзьве дыхае, хворы.

Дзень цень, нібы лыжы, да дрэў прывязаў,
Куст бэзу пад сонцам распяты.
Слуп, быццам на прывязі ў садзе каза,
Трымае свой гонар рагаты.

Вачамі мастака

Лета сухмень. Паазер'е. Заранка.
Парыста бераг залье малаком.
Шчоўкае ветру ў чаротах марзянка,
Сонца з чаўна устае галяком.

Браслаў, нібыта юнак зухаваты,
Будзе па следу зары веславаць.
Быццам дзяўчыну, абдыме Дрывяты,
Каб патаемна туліць-мілаваць.

Вуліцы горада нібыта межы.
Тут раздзяляе азёры плато.
Колькі ў Навята, Святца, Бярэжа
Той прыгажосці дзівоснай, святой.

Коскай забытая звечара лодка.
Бераг жаўцявы — бясконцасць радка.
Поле свабоды да самай Слабодкі
Змесціць на золку мальберт мастака.

* * *

                            Быў. Ёсць. Буду.
У. Караткевіч

Быў. Ёсць і буду. Дзе асеў народ
Блакітнавокі, русы, ў краі белым,
Дзе крышыць сонца красавіцкі лёд
І лён звініць у полі ў жнівень спелы.

Дзе вышынёй натоліцца жаўрук,
Пчала не раз напоўніць мёдам соты.
Дзе шчасце цэняць не з вяльможных рук,
А з зрэб'я, накрухмаленага потам.

З часоў Гусоўскага жывуць яшчэ зубры,
Дзе Лань-рака лясная п'е крыніцы.
Для гонкіх мачтаў вартыя бары,
Прасмаленыя, як чаўны, жывіцай.

Час даўніны хавае палімпсест,
І дзірванеюць курганы пад небам.
Народным святам вернікаў тут фэст
І ў сябрах душэўная патрэба.

Расце хай жыта і жыццё цячэ
Ў краі шыпшыны, кветкі Беларусі.
Ён быў. Ён ёсць, каб вечна быць яшчэ,
Дзе распраўляе вольна крылы бусел.

* * *

Паўночны край. Глыбоччына. Радзіма.
Адна у свеце, дзе мой родны дом,
І самы чысты снег, нібы крыніцы, ў зіму,
І самы звонкі першы над Беразвеччу гром.

Дзе Свіліца дала імя сваё Падсвіллю,
Дзе у бясхмарны дзень сустрэне шэптам Шо.
Дзе Аржаніца-рэчка з ячменным пахам піва
І вечна юны Мосар з трывожнаю душой.

Галубіцкая пушча барамі ў Налібокі,
Ля азярын гаючых аселі Азярцы.
Тут думаецца ўсім глыбока у Глыбокім,
Ды бальшакі вядуць у розныя канцы.

Хоць загваздкі даўно мянялі у Гваздове,
З дружынай Чарадзей ў Чарневічах хадзіў.
Татарын, старавер зямлі удзячны, мове,
Што роднымі для іх сягоння з нарадзін.

Жыццё, бы у вулей, сабрала тут паэтаў,
Разьбяр, каваль, мастак тут слынны не адзін.
І неба вышыня адразу на паўсвету,
І ў дар куток бацькоўскі ад самых нарадзін.

* * *

Нібы плугам, сум разганю,
Што у сэрцы ляжыць папарам.
Абвяшчу веснавому дню
Дзень вясёлкі над цёмнай хмарай.

Кволым крыльцам махне лісток
Ў жабурынні бялюткім каліны.
Пабяжыць зноў зялёны ток
Па зямлі і па дрэў галінах.

Разгавеецца сонцам душа.
Паласуе маланка неба.
Мне б пражыць лістапад спярша,
Пражыць лістапад мне трэба.

* * *

Красуе ў Беларусі жыта.
І стан ад гэтага душы,
У асвячэння час нібыта,
Хоць сэрца ўласнае сцішы.

У кожным коласе малочным
Зямлі схаванае цяпло,
І зорак незлічоных вочы,
І сонца летняга святло.

Бальзам дажджоў і віхраў свісты,
Спеў жаўрука і звон пчалы.
Расінак цяжкія маністы
І бляск маланкі, як стралы.

І чорны бохан на абрусе,
Жаданы ў хаце кожны дзень.
Красуе жыта ў Беларусі,
А значыць, і жыццё ідзе.

Двое ў лузе

Загарае твар дзяўчыны
На падушцы з дзьмухаўца.
Луг зялёнаю пярынай
Стаў таксама для хлапца.

Двое ў лузе, двое ў свеце
Шчаслівейшыя адны.
Ад кахання сэрцы ў цвеце,
Ды з гаркотай палыны.

Вусны юныя спакусай,
Ідзе кругам галава.
Для дзяўчыны дотык вусаў
Нібы першая трава.

Пах салодкай канюшыны,
Быццам дыхае зямля.
Каб з травы устаць дзяўчынай,
А жанчынай стаць пасля.

Пасля дажджу

Ноччу скончыўся сухмень
(Аж да додня палівала).
Сонца, кінуўшы прамень,
Баравік пацалавала.

Падасінавік з асінай,
А чашчэвік пры бярозе.
Не баяцца ног ласіных,
Зрэдзь паселі на дарозе.

Вабяць яркімі самбрэра
Ў лясным танцы сыраежкі.
Мухаморы-кавалеры
Побач топчуцца ля сцежкі.

Сонца стрэне парасонік,
З травы вылезшы, цыбаты.
Абляпілі ўскрай сасоннік
Маслякі, як парасяты.

Махавік, як цвік, у моху
Шляпку жоўтую хавае.
Ды, прыжыўшыся патроху,
Рыжык гонар свой трымае.

Чаргой мокрыя радоўкі
Навылёт зямлю прашылі.
Воку рэдкія вясёлкі
Нагам лапцікі пашылі.

Чага з губкай старадрэвін
Цесна ствол акальцавалі.
З-пад ігліцы, як са шчэлін,
Нос лісічкі паказалі.