Цані, чалавеча, усё на зямлі:
Снягоў сыпчакі, сілу грому з маланкай,
Бяскрайнасць пустыні, бакенаў агні,
Як толькі прачнешся штодня ты уранку.
Ты самы шчаслівы - жывеш на зямлі
І маеш сяброў, табе роўных і родных,
І мову, як водар паветра, цані,
Нашчадкам, як дар, перадай яе годна.

Чалавек мастацкай працы і гаспадар свайго дому.
Ён - працаўнік на ніве беларускай асветы. Паэт, які рос, дакранаючыся да ўсіх граняў працоўнага чалавечага жыцця. І душой рос, дакранаючыся да неба зямнога. Ён назіральны. Яго іскрынка, дадзеная звыш, заўсёды разгаралася ад старання душы. І праз разумны давер таксама.
Марыя Баравік — «Літаратурная Беларусь», 30 мая 2014 года
Мы, нашчадкi ды стваральнiкi гэтага сайта, запрашаем Вас пазнаёмiцца з творчасцю паэта, бацькi, сына сваёй Радзiмы.

Віталь Гарановіч - вучань Ермакоўскай школы (у першым радзе першы злева).
З 1973 па 1977 год — студэнт філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. На фота - ў цэнтры, падчас працы ў складзе будаўнічага студатраду ў ГДР
З 1979 па 1983 год узначальваў Кіраўскую сярэднюю школу на Глыбоччыне.
З 1983 па 2004 год — дырэктар сярэдняй школы № 3 горада Глыбокае.
У 1997 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў першы зборнік вершаў «Беразвечча», які быў адзначаны складальнікамі анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла»: «…хоць запозненая, але яркая кніга». Кніга была станоўча ацэнена беларускай крытыкай.
На працягу некалькіх год на базе сярэдняй школы №3 намаганнямі Віталя Гарановіча ладзяцца літаратурныя сустрэчы з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. На фота - сустрэча з Генадзем Бураўкіным.
У 2002 годзе ў выдавецтве «Беларускі Кнігазбор» выдадзены другі збонік вершаў паэта «Святло Блакіту».
У 2003 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» быў выдадзены зборнік песень на словы Віталя Гарановіча «Глыбоцкі вальс». Усе песні напісаны ў сааўтарстве з самадзейным кампазітарам Ганнай Шаколай. На фота - разам з вакальнай групай настаўнікаў СШ № 3.(2007 г.)
У 2007 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» быў выдадзены трэці збонік вершаў Віталя Гарановіча «Саракі».
Лаўрэат літаратурнай прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2009 года (прэмія прысуджана за кнігу вершаў «Саракі»)
У 2011 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» выйшаў чацверты зборнік вершаў «Нараджэнне вады». Кніга прысвечана памяці Алеся Пісьмянкова і Анатоля Майсеенкі.
| 1997 | БЕРАЗВЕЧЧА
|
"Гэтай невялічкай кніжкай, бадай, робяцца два адкрыцці: творцы і чалавека Віталя Гарановіча. Такой магутный метафарычнасці радка, такой свежасці слова можна толькі пазайздросціць." |
| 2002 | СВЯТЛО БЛАКІТУ
|
"Кніга паэзіі Віталя Гарановіча "Святло блакіту" вызначаецца шчырасцю пачуццяў. Пражытае і перажытае - аснова ягоных вершаў. У паэта з Глыбокага свой голас і свае фарбы." |
| 2007 | САРАКІ
|
"Аўтар паэтычнай кнігі "Саракі" - назіральны, удумлівы, часам усмешлівы, жывапісна-падрабязны ў адлюстраванні прыроды, сялянскага быту і свайго захаплення. У вершах выразніцца замілаванне бацькоўскім домам, высвечваецца гістарычная памяць, беларуская годнасць, патрыятычны гонар і вечна юнае адчуванне прыгажосці." |
| 2011 | НАРАДЖЭННЕ ВАДЫ
|
"Новая кніга паэта дапаўняе тэматыку пейзажнай лірыкі папярэдніх збонікаў. У вершах - метафарычная напоўненасць радка, уменне творцы здзіўляцца навакольнаму свету і па-свойму, адметна гэтым здзіўленнем дзяліцца з іншымі. Лірычны герой паэта цесна звязаны з усім тым, што называецца Радзімай, Бацькаўшчынай. Ёсць у збоніку вершы, якія адносяцца да філасофскай лірыкі, па-ранейшаму аўтара хвалююць тэмы выйны і міру, адначасова адбываецца пераацэнка гістарычных каштоўнасцяў." |
| 2015 | ПАГАВАРЫ СА МНОЙ
|
"І сягоння з непрыцішаным болем бяру з кніжнай паліцы яго невялічкі па аб’ёме і такі ёмкі па змесце першы паэтычны зборнік, выдадзены ў свет выдавецтвам ’’Мастацкая літаратура’’ напрыканцы мінулага стагоддзя- у 1997 годзе.’’Беразвечча’’ - гістарычна – дакладную назву мае кніга паэта. На Глыбоччыне, якая стала крыніцай творчага натхнення незабыўнага Віталя Рыгоравіча Гарановіча, гэтае назоўнае слова вядома сваім шчымотным трагізмам кожнаму жыхару; па дарозе на азёрны Браслаў, ва ўрочышчы Барок, ёсць брацкая магіла, якая дала апошні прытулак тысячам нашых суайчыннікаў і паўтары тысячы італьянцаў, якія былі расстраляны фашыстамі ў 1942 годзе." |
