Вершы

Беразвечча

Святло блакіту

Саракі

Нараджэнне вады

Пагавары са мной

Ва ўнісон зіме

А дзе белыя ночы твае,
Будзень-снежань? Цябе пытаю.
Дай святла мне ці вочы свае,
Свет душы я вярну табе маем.

Мне так сонца зімой не стае,
Я з прыродай на час паміраю.
Дзе сябры-аднадумцы мае?
Мне у холад так іх не хапае.

Снежань сёння скупы на снягі,
А жыццё — на спагаду і ласку.
З лёду, рукі нібы, берагі
Зноў надзелі на возера маску.

Ды слата у душы, як туман,
Лета лёгкай наміткай у сэрцы.
Хай няшчырасць, як хітры падман,
Вострым болем ўначы адзавецца.

Малады снежань

Прайшла і восень, нібы лета,
У рэках чуцен стогн вады.
З букетам ссохлых рыжых кветак
Выходзіць снежань малады.
Ўздыхне марозна, снегам мяккім
Аздобіць першапутку след.
Для хмараў правядзе зарадку,
На гоні ўскіне белы плед.
А пройдзе час — і завіруха
Буслянкі спора замяце.
І выйдзе месячык паслухаць,
Як будзе вецер вар'яцець.
Стажкі ля хатаў як прысоскі,
Дзе пад платамі гурбаў стос.
Ды акварэлькі зімняй вёскі
Напіша інеем мароз.

Ва ўнісон зіме

Вясны закончана прэм'ера,
І траўня скончаны сюжэт.
Ўзышоўшай зоркаю Венера
Ўпадзе у чэрвеня букет.

Расу распырскаюць крыніцы,
Старанна змыўшы кожны след.
І дня жывыя завушніцы
Зноў жаўруком звіняць у свет.

Дзе сон-трава ля зверабою,
Дзе цішыня ля перуна.
З-пад навальнічнага прыбою
Прагляне неба цаліна.

І здыме пробу з грэчкі пчолка,
Асветліць жыта васілёк.
Дзе ў небе першая вясёлка
Бы зноў ажыўшы матылёк.

* * *

Калі жыццё звяло у нерат,
У тлуме страчаны гады,
Устань з паўколенц, йдзі наперад
І не шукай назад сляды.

Жыццё — чатыры пары свету:
Зіму сваю ты перажыў,
Ступі ў вясну насустрач лету
І ўвосень не заўваж мяжы.

* * *

Пабыць стоўпнікам у святы,
Як сябры святкуюць.
Жыць пад аўрай роднай хаты,
Дзе сыны такуюць.

Лёгка дыхаць, светла думаць
Без тастоў і хмелю.
З лёгкім сэрцам і без суму
Смакаваць нядзелю.

Каб душой раскашавацца
Без граніц чужога.
Суздром радасць дзе ад працы
Вызначана Богам.

* * *

У завіруху бабінага лета
Развесіць восень кужаль на платы,
Журбою вераснёвага балета
Прыблізіць нас да снежаньскай слаты.

А потым вецер вымеце прысады,
Аголіць маладыя спарышы.
Туман на рэчцы, вылезшы з засады,
На поўні паплыве капелюшы.

Асенні дождж, бы шчупальцы кальмара,
Саб'е ў каўтун засохлую траву.
І восень, снежня прапусціўшы хмару,
Уцісне ў плечы сонца галаву.

* * *

Ноч змусіла усё жывое,
Што тоіць дзень ў высокі ліпень.
Ў здранцвелым студзеньскім спакоі
Сам месяц вершнікам на ліпе.
Дзе старадрэвін млосным скрыпам
Мароз свой рэй вядзе з табою.

Як праз ігольчатае вушка,
Імкне праз комін нітка дыму.
Дзе вечар ценем Папялушкі
Ўміг растварыўся за дзвярыма.
Дыхне, нібы цяплом Гальфстрыма,
Зноў печ, закрытая на юшку.

Камета веку

Сярод жарствы вясенніх зорак
Любая згубіцца ракета.
Нібы з бутэлькі цёмнай корак,
Рванула новая камета.

«Камета веку» ў нашым небе
Бы залатая мілавіца.
Зямлянам большае патрэбы
Няма, каб толькі падзівіцца

На цуд бязмежных нетраў свету,
Бы немаўлятка Хейла-Бопа.
У мроях кожнага паэта,
Бяссонніцай усёй Еўропы.

Паміж зямлёй і сонцам свечкай
Ў вачах самотнай Беларусі…
Як сведка тайнага, як сведка,
Малюся вершамі, малюся.

* * *

Бы з крэсіва ўспыхваюць знічкі
І б'юць у цемрадзь стрэлам халастым.
Дзе месяц ціхаходам невялічкім
Прастуе у сузор’ях залатых.

І затрапеча раніца жар-птушкі
Крыламі, дзе разлёгся небакрай.
На туману пуховую падушку
Ускіне сонца цёплы каравай.

І дзень пад стаць размашыстаму дубу
Наўкол раскіне голле-прамяні.
І стрэлкі па-асенняму зноў кругу
Свой час адмераць ў поўнай цішыні.

* * *

З развагай пачварнаю вораг
Вяршыў права звера-суддзі.
Гарэла сядзіба, як порах,
З жывымі у хаце людзьмі.

А пушча — лавец на капканы,
Дзе смерць сустракаў ваўкалак, —
Нібы родны дом партызанам
І лецішча збройных атак…

Зарослыя мохам дарогі
Да колішніх месцаў глухіх.
Сустрэне лес Дзень Перамогі
Ў шэсць поўных дзясяткаў сваіх.

* * *

Светлая ноч, не заснуць, не спачыць —
Прыстань чароўнага маю.
Поўня на белага бэзу плячы
Зноў пяцізорку шукае.

Змену начную бяссонніцай чмель
Зумканнем ў шкло адкрывае.
Ў сховах альтанкі, каштуючы хмель,
Твар свой дзяўчына хавае.

Споведзь святла у нямой цішыні —
Провады мая ў прыроды.
Додзень Венеры патушыць агні,
Скончыўшы чэрвеня роды.

* * *

Калі зялёная галінка
Прадзе намітку з павуцінкі,
Ў блакітны паясок ракі
Глядзяцца з неба жаўрукі.
А выхад кожнае крыніцы
Напояць ліўнем навальніцы
Цяплом зямным узімку лозы
Ручай атуляць ад марозу…
Паўторыць цыкл свой з году ў год
Прырода ў вечнасці сусвету.
Вясна зачнецца ў крыгаход,
А восень бабіным зноў летам.

* * *

Адплыло сцягамі павуцінне,
Анямеў без выраю прастор.
Хмар паўночных, нібы жабурынне,
Скалаціў, усчаўшыся, віхор.

Першы сівер маразы-падранкі
Прывядзе на белых туманах.
Кіне з лёду на балоце санкі,
Дзе кустоў халодная сцяна.

Маладзік быццам у жнівень конік,
Што задумаў скочыць з вышыні.
Зорны коўш, нібы зімы пагоня,
Зноў запаліць да вясны агні.

* * *

Зімовы дзень, нібы луска, бліснуў
І патануў у поцемках змяркання.
І маладзік, нібы рыбак блясну,
Цягнуць ноч будзе ў небе да світання.

Каўшы Мядзведзіцы як жоўтыя кашы,
Пакінутыя звечара для бульбы.
Вятры сыграюць восені маршы
І адшліфуюць першаснегу гурбы.

Дыханнем ранак хукне маладым,
І хатні дух праз коміны праб’ецца.
І павядуць да студні зноў сляды,
Як да зямлі зняволенага сэрца.

Па крузе жыцця

Пахне снегам, як сенам,
Белы зімні мурог.
Мабыць, спадчыны гены
Даў прыродзе сам Бог.

Холад роўны спякоце,
Як лісток і лядзяш.
У жыцця калаўроце —
Лістапад і капяж.

У людзей пакаленні,
У прыроды пара.
Ды спляліся карэнні
У крыніцах-вірах.

Раўнадзенства ад сонца
І ад поўні ўначы.
Да жыцця ўсё бясконца
Падбірае ключы.

Ад восені да вясны

Скародзяць скразнякі у парку
Зноў лістападам жаўталіст.
Гараць кастры, нібыта зварка,
І калькай лёгкай чарналіст.

Губляе зноў прывабнасць восень,
Змываюць колеры дажджы.
І ўжо марозу дрэвы просяць,
Наскрозь прамокшы ад імжы.

І думкі светлыя навее
Сам снежань, хоць і неўмалот.
Яшчэ спачатку на завею,
Для рыбакоў на першы лёд.

На шыбе студзеня карэнне,
Як свечка, люценя лядзяш.
Адносна лета са спазненнем
Нядоўгі, нібы дзень, кірмаш.

На снег падобныя сарокі
Павернуць хвост на Саракі.
І пацяплеюць зноў аблокі,
У гнёзды вернуцца шпакі.

Расою додзень раней будзе
Бяліць начы сатканы плед.
І на зямлі зялёнай грудзі
Ўпадзе адцвіўшы першацвет.

* * *

А ў памяці дзяцінства, нібы ранне.
Смалісты пах, вянок над новым зрубам,
І губкі спін, як пасля чорнай бані.
Ды самакрутка, што глытаюць губы.

Улазіны, а шчасця — што не ўлазіць
У дзверы, нібы ў рай, аж скача сэрца.
Нядзеля ў хаце, маці ў печы смажыць
З паспешкай сала жоўтае з кубельца.

Жыццё, як дзень, мільгнула векам сталым.
Кубелец той раструшчаны машынай…
Ўваччу, як дом, стаіць кубелец з салам,
Прысыпаны лугоў даспелых кмінам.

Вачыма рыбака

Качкі дзікія плывуць,
Бы дазор, па возеры.
Ранак на спіне вязуць
Летні асцярожна.

Разразаюць цішыню
Дзюбамі-дзідамі.
Быццам неба глыбіню
Мераюць начамі.

Лебедзь белы — цар вады,
Сцеражэ лябёдку.
Месяц ранкам маладым
Зазірае ў лодку.

Заклявала. Паплавок
Знік ў вады сінечы.
У імгненне ўслед рывок —
І акунь трапеча…

* * *

Вясна з зімой у пацягушках:
Адна падсочыць сок з бяроз,
Другая ў снежныя падушкі
Хавае хвошчу чорны нос.

Удзень вясна вярбой махае,
Разносіць коцікавы пах.
І бродзіць сіла маладая
Пад вечар ў белых туманах.

Ноч падкрадзецца ціхай зебрай,
Ўладараць холад і спакой.
І посах месяца у срэбры
Ракі зноў рыбкай залатой.

Зноў ранкам дзень з начы ачнецца,
Шчэ тлеюць зоры ў вышыні.
Ды сонца, як прыроды сэрца,
Наўкол выплёсквае агні.

* * *

Пабыць на Нарачы увосень,
Дзе хвалі-сходцы на вадзе
І лета зношаныя восі
Пыляцца ў ссохлай лебядзе.

А вецер, справіўшы абнову,
Кідае лісце з-за спіны.
Макрэчу плёсаў тумановых
Капаюць рыльцамі чаўны.

Без чаек вісне наваколле,
Як бубен сцёрты і глухі.
Халодны месяц ноч праколіць,
Нібы з хмар шые кажухі.

Ды неба божаю кароўкай
Трапеча крыльцамі на дне…
Вудой, як моцнаю вяроўкай,
Трымае ранак зноў мяне.

* * *

Астравок асакі
У заснежанай далі.
Гурбы, як паплаўкі,
Што наўсцяж раскідалі.

Ў сховах лёду вясло,
Як шчупак у здранцвенні,
Снегам, быццам бы шклом,
Сыпанула са жмені.

Пабялеў і сам дзень
Пад зажураным небам.
Толькі восені цень
Выглядае з-пад снегу.

Вераб'іная ноч

Доўга не кладзецца У калыску ночы Дзень, то птушкай б'ецца У ваконцы-вочы. Фарбай белай поле Беліць, бы ласіны. Сочыцца праз голле, Як праз дно карзіны. Там, дзе сонца кропляй Капнула да рання, Выглядаюць копы, Як прывіды-здані. Позна ладзяць ловы У паўзмрочнай цішы, Днём не ўбачыш — совы Ці лёткія мышы. Вераб'іным скокам Лета ночку мерыць. Захад светлым вокам Над зямлёю зеўрыць.

* * *

Ратоўны круг — мая надзея
На непражыты ў шчасці год.
Калі, адолеўшы завею,
Вясну сустрэне мой народ.

Не ў ланцугах шчытоў і касак,
А на гасцінцы дабрыні.
Не ў атачэнні твараў-масак,
А ў аўры зорнай цішыні.

Нам так патрэбен лад сягоння
І тым, што ў часе маладым
Пад старажытнаю Пагоняй,
Ці пад жытнёвым Гербам тым.

* * *

Я стрываю ад холаду.
     А птушкі стрываюць,
Што на поўдзень
     не ведаюць шляху, як я?
Бо зямлю Беларусь
     ў сваім сэрцы хаваю,
Бо пад крыламі птушак
     Радзіма-зямля.
Ад сяўні маразоў
     і ад зеўры кілімаў
Не збягу да вясны,
     не падам лету «SOS!».
Беларусь, я цябе халаднечай
     не кіну,
Ты і вера мая, і любоў,
     і мой лёс.
Дачакае снягір палян росных,
     о, радасць!
Прычасціцца і дзяцел
     жывіцай сасны.
Рэхам гай прывітаюць
     ізноў птушаняты —
Стрэлкі вечнасці круціць
     гадзіннік зямны.
Людзі — птушкі. Іх гнёзды —
     не райскія кушчы,
А Радзімы адной
     блаславёны куток,

Дзе спляла карані
     Белавежская пушча,
Дзе бацькоўскіх магіл
     здзірванелы грудок.

* * *

Цяпло сяброўскае рукі,
Як і каханне, лёс даруе.
Шчаслівы, хто яго адчуе
Душэўны дотык трапяткі.

Не слоў сказаных скразнякі
І не пагляд вачэй ліслівых,
Не веер рухаў мітуслівых,
А шчырасць блізкае рукі.

Не болю ад ляза хлусні
Ці беспрытомнасці ад здрады,
А руху сэрцаў буду рады
У пракавечаныя дні.

* * *

Нялёгкай справай ягамосці
Даць азначэнне маладосці.
Пачну: з жыцця самой крыніцы,
Ва ўсе часы якой дзівіцца.
Магчыма, з сонечным праменнем,
З прыроднай цвёрдасцю камення.
І з вышынёй раскутых мар,
З энергіяй, што дасць пажар.
І разам з тым з святой пашанай
Да старцаў і да ветэранаў.
Ды абярэгам слоў радзінных
Сівою даўніной Радзімы.

* * *

Чалавек на дабрыню як донар,
Вызначальным у яго не рэчы.
Ад пчалы і птаха ўзяць да скону
Ўсю ахвярнасць і падставіць плечы.

Хто ў душэўнай апынуўся змозе,
Ты яму як сведка не патрэбен.
Яго цень на сонечнай дарозе
Не ўратуе пустых слоў малебен.

Калі ж грэх адолеў славалюбства —
Ты нішто ні для сяброў, ні родных.
Калі ў сэрцы без трывогі пуста,
То ў душы ты дзьмухавец сягоння.

* * *

Заблытаюся ў валасах дзявочых
У сне, ды не ў жыцця гульбе.
Наш час стаміўся быць прарочым
І для мяне, і для цябе.

Імкнуць гады ў стагоддзя зломе,
Шукаю свой юначы след.
Мы не шчаслівейшыя сёння,
Мы сэрцаў пажаданы свет.

Не з волі божае кароўкі,
Не чар чароўнае рукі,
А пад святлом Венеры-зоркі
Нас блаславілі Ермакі.

* * *

Калені твае нібы свечкі,
Аблітыя воскам начы.
Рукамі прыкрытыя плечкі,
Радзімка на голым плячы.

Пачуццяў, як бэзу суквецце,
Ў вачах невідзімкай акно…
І ўсё забываеш на свеце,
І п’еш маладое віно.

Нектар цудадзейнае сілы,
Як хмель, кроў ў нагах разалье…
І толькі ледзь чутнае «мілы»,
І вострыя пальцы твае.

* * *

Ты мяне кахай
Сонечным паглядам.
Ў час, як юны май
Цалаваўся з садам.
У цвіцення час,
У душы кіпення
Ты праверыў нас,
Нашае цярпенне.

* * *

Ты сказала: «Бывай»,
Адказаў: «Да сустрэчы».
Толькі сведкам быў май,
Толькі сховай быў вечар.

Начных вокнаў святло
Як сустрэчы імгненне,
Бо каханне было
Нам крынічным струменем.

Хоць грымеў ўгары гром
І сляпілі маланкі,
Ахінала нас ноч
Шаліноўкай цыганкі.

* * *

Хмелем маладым
Кружыць пах галовы.
Хай цвітуць сады
І гучаць зноў словы:
«Любы, дарагі,
Я цябе кахаю».
Робяць зноў кругі
Журавы над краем.
Ўзыдзе ранак зноў
Летняю парою,
Недагледзім сноў
Мы тады з табою.
Вечнасцю жыцця
Здасца нам сустрэча,
Сэрцаў пачуцця
Нам прадоўжыць вечар.

* * *

Твае валасы — залацістая ноч
На белых маіх далонях.
Заблытаўся вечар ля нашых ног
Зімою, бы вэлюмам, сёння.

Гарачыя позіркі, месяц ўгары,
Вакол нас мяцельны вырай,
Ты сэрцам дрыготкім са мной гавары
Ля сэрца майго шчыра.

Заблудзімся разам ў шырокіх вятрах,
Разбудзім пад соснамі ранак…
Сустрэнем матулю сваю у дзвярах
І ўзыдзем на родны ганак.

* * *

Лона ракі, як жаночае лона,
Лёгкім пушком закранутае хмар.
Хвалі, нібы эрагенныя зоны,
Ценю імкліва скідаюць вуаль.

Вецер, надзеўшы нябачную маску,
Слаба такуе на лодкі вясле,
Марна растраціўшы шал свой і ласку
З ноччу-каханкай адной па вясне.

Ды бабылём паблукаўшы па свеце,
Дыхае ледзьве на пух асакі.
Быў ураган, а цяпер і не вецер,
Ціха ляжаць на вадзе паплаўкі.

* * *

Прадкажы мне, зязюля, гады,
Забяры хоць палову ў ворана.
Ды аддай яму столькі ж бяды,
Што мне лёсам дарована.

Можа, сонца пашле свой прамень
І запаліць ў вачах радасць іскраю,
Стане светлым жыцця майго дзень,
А надзея зноў яваю блізкаю.

* * *

Сэнс жыцця ў прыроды нязменны —
Быць у форме спрадвечна сваёй,
Паўтараючы моцныя гены,
Што дарованы небам, зямлёй.
Моцнасць дрэвам — ствалом і карэннем,
Хуткасць птушцы — сваім апярэннем,
Чалавеку, што вызначыў Бог.

* * *

У моцнага ветру — моцны дух,
У яркага сонца — яркі талент.
Калі няма гэтых якасцей дзвюх,
Чалавек асобай не стане.

* * *

Калі чалавек нараджаецца,
То ў гэтым ёсць вечнасць быцця.
Калі чалавек усміхаецца,
То гэта ёсць радасць жыцця.

Будзь, лёс, для жывых літасцівы
І верай асвечаны, час.
Якое багацце — шчаслівым
Быць хочацца кожнаму з нас.

* * *

Без спасылкі, што малады,
З поўнай меркай сталага веку
Я адказнасць трымаю заўжды
Перад годнасцю чалавека.

Я зрываю гадзін абручы,
Спыняю ход халастым секундам.
Я да кроплі хачу зберагчы
І запоўніць працаю будні.

Фантазія зімы

Разнясла зіма свае хусціны,
Разаслала ў цёплым лазняку,
Разагнала веерам гусіным
Над ракой шаптуху-асаку.

Светлы цюль на васільковым лузе,
Б'юцца хвалі белыя ў стагі.
Месяцовы дыск над полем кружыць,
Выпаўзаюць цені з-пад нагі.

А зіма спраўляе наваселле
Пад вясёлы скрып старой сасны,
Зазвіняць зноў завірух вяселлі
Аж да самых коцікаў вясны.

Дырэктар

Школа — твой твар і сумленне,
Гонар твой, выбраны лёс.
Ў юнацтва ішлі пакаленні,
Дзяцінства цвіло басанож.

Букетамі восеньскіх кветак
Са свежаю фарбай стала
У сэрцы гарэзай-падлеткам
Любімая школа жыла.

Ты быў дырыжорам навукі
І майстрам дзіцячай душы,
Калі, нібы ветразі, рукі
Ўзнімалі свае малышы.

Ды ўсё ж хваляваўся не меней
За кожны праведзены ўрок.
Будзіў маладое натхненне
Трывог несціханы званок.

Ля роўных маршчын акуляры
Вачам зберагалі святло
Спрадвеку дзецям шкаляры
Жыцця аддавалі цяпло.

* * *

Першы восеньскі дзень
Нас надвор'ем вітае.
Хмараў скінуты цень,
Бо пара залатая.

Бо пара для дзяцей
І бацькоў, педагогаў.
Бо у свеце свяцей
Не сустрэнеш нічога.

Школьны чысты пагляд
У дзіцячыя вочы.
Зноў сустрэчы тут рад,
Хто вучыцца ахвочы.

Каб праз чвэрць ці трыместр
Несці дзённік дахаты.
Каб у ім было месца
Для дзясятак багата.

Калі ласка, на ўрок
У класы роднае школы.
Кліча зноў нас званок,
Першы, самы вясёлы.

* * *

Урок роднай мовы.
Лады дзеясловаў.
Лад загадны —
Камандны.
Чалавек-робат.
На сэрцы холад.
Не скажы. Не аспрэч.
Не пярэч.
Лад умоўны —
Шматслоўны.
Ніякай аддачы.
Пры пэўнай умове,
Удачы…
Зажылі б дастойна.
Час застойны.
Абвесны лад —
З сэрцам у лад.
Галоўнае вымярэнне —
СУМЛЕННЕ.

* * *

Тут мова матчына саткала
Гаворак родных галасы,
Каб потым вершамі Купалы
Гучаць у розныя часы.

З карэннем векавечных вязаў
Паэтаў пераплёўся род.
І на Купалле кожным разам
Сюды збіраецца народ.

Дзе неба на зялёных шатах
І лета аж за травакрай.
Над кожнай вязынскаю хатай
Гучыць цымбалаў звонкі грай.

Як клятва мове і Купалу,
Гучыць паэтаў кожны верш.
Купалле святам лепшым стала,
Ды днём паэзіі найперш.

Нарач

Збірае Нарач да сябе крыніцы,
Што б’юць жывіцай з-пад каранёў-жыл.
І хвалі, як асколкі бліскавіцы,
Ўразаюцца у летні небасхіл.

Прыносіць ранак ў тумановым ранцы,
Калі жніво скрадзе кароткі цень.
Надточыць ноч дзяўчыне-нарачанцы,
Надрэзаўшы вясёлкай хмарны дзень.

Зімовых дачакаўшыся вакацый,
Напоўніцца бялюткай цішынёй.
Антэны вудаў рыбаковых рацый
Наладзяць перамовы з глыбінёй.

Маё Глыбокае

Хто ні едзе, адкрые відарысы,
І ад самай Варганскай гары
Горад мой падплываючым парусам
Вам асветліць цянётаў двары.

Тут пад квадраю новай стагоддзі
Раскідалі ўздоўж вуліц муры.
Дзе не кроў, а крыніцы на сподзе
П’юць у келлях сваіх камары.

Над святынямі голасна чайцы,
Шлюбна звоняць бажніцаў званы.
Шпіляў цягнуцца белыя пальцы,
Дзе аблокаў плывуць дываны.

Беларускасці крэўныя гены
У нашчадках вякуюць чалом.
Глыбачан маладых пакаленні
Нематы не затуканы сном.

К чужадалі паўднёвай граніцы
Правядзе Су вяковым крылом.
Уздыхне цёплым полем пшаніцы,
Вулкай, збегшыся з блізкім сялом.

Беларусь

Тут дыхаць вольна, дзе шырокі Нёман
Парушыў неруш векавых крыніц.
Тут лёгка полю у дажджоў палоне
Пад светлай знічкай цёплых навальніц.

Жывецца песням, радасна вяселлям,
Тут даўгалецце — спадчыны выток.
Чабор і верас — цудадзейным зеллем,
Прапіскай жытняй — сіні васілёк.

Дзвіны Прыдзвінне, памяць аб Скарыне,
Паэтаў край і боль зямлі з вайны.
Світае Нарач на снягоў пярыне,
Ухутаўшы туманамі чаўны.

У небе зорак залатыя межы,
Нібы над Сожам Гомеля агні.
Тут непрыступнасць сценаў Белай Вежы
І Белавежскай пушчы карані.

* * *

Беларусь! Ты завеш
    да сябе
Зорным бляскам
    расы на вярбе,
Вечным водарам
    свежай раллі
І званамі,
    што зноў загулі
На адноўленай
    высі царквы.
Пахам скошанай
    муравы
Мілагучнасцю
    мовы дзядоў
І стрывожанай цішшу
    кладоў…
Калі хопіць на тое
    жыцця,
Да цябе я дарогу
    знайду
І ў любое надвор'е
    прыйду.

Лес і лёс

Лёс, як лес, — у ім няма дарогі,
Па якой ты пойдзеш напрасткі.
Лёс табе наканаваны Богам,
Вечнай тайнай для цябе які.
Лёс, як лес, — з цянётамі гушчару,
З блікам неба праз узоры хмар.
Дзе спакой і бура уладараць,
Дзе жыцця свайго ты гаспадар.
Лёс і лес карэннем знітаваны,
Павянчаны ў радасці крыляць.
Калі лесу на жыццё адданы,
Лёс твой будзе выбару спрыяць.

Вясна і вайна

Заклініла неба ад «стэлсаў» над Сербіяй,
Над роднаю Крывіяй клін журавоў.
Весні Вялікдзень над светлымі вербамі,
Спаленых цень паплавоў.

Вольныя крылы ў бусла над хатаю,
Гнёзды-буслянкі не трушчыць вайна.
Там жа пачварай ракета крылатая,
З выраю смерці яна.

Сіпнуць сірэны, і плачам дзяціным
Вулкі заходзяцца нема, двары.
Над Беларуссю клёкат бусліны,
Пахнуць жывіцай бары.

Зернетка прагне да глебы ўзаранай,
Як немаўлятка да маці грудзей.
Там кожны выбух сочыцца ранай,
Смерць забірае людзей.

У неба сутонні грамы маладыя,
Траўнем, як сном, адкрасуе зноў век.
Сведкамі сталі сёння жывыя,
Збройна як чыніцца здзек.

Першага верасня

Ветразь верасня — белы бант
Зноў плыве на падворку школы.
Першакласніца — музыкант,
І ў руках зноў званок вясёлы.

Самалёт павуцінку ўгары
Выпускае пад гул матора.
Сэрца з сэрцам пагаварыць
Хоча сёння ў дзіцячым моры.

Што ні клас, то сяброўскі рой,
І настаўніца нібы маці.
Першы раз і апошні свой
Год вітаюць на ведаў свяце.

Крэйды школьнай свежы радок
І радок у вучнёўскім сшытку.
Пачынае сукаць у клубок
Час вучэльні ўрокаў ніткі.

Антырэквiем

Заклік быўшых неўміручых
Прагучаў напрыканцы:
Галадранцы, гоп да кучы,
«Сацылізм» аддаў канцы.

Беззаконнасці варункі,
Нібы кветка для пчалы.
Пацяклі у сквапных слюнкі
На службовыя сталы.

Пад шумок людскіх стагнацый,
Абязболіўшы душу,
Пачалі з прыхватызацый
Дружнай спайкай мурашу.

У дзяржаўную кішэню
Лезуць смела «змагары».
Пракурорскія ж мішэні
Для зялёнай машкары.

Форды, нісы і таёты —
Пераменаў камуфляж.
Спекулянцкім калаўротам
Барахолаўкі шабаш.

Каб на рынак, не ў звярынец,
Дзе ўладарыць шайкаў спрут.
Ачышчай жыцця гасцінец,
Мой бацькоўскі мілы кут.

Крыўскае слова

Мова мая — вуснаў крыўскае слова,
Песняў забытых няспеты радок.
Згубленай ў горадзе звоніш падковай,
Кроснаў у вёсцы не тканы уток.

Метрыкай вечнай — кнігі Скарыны,
Ў келлі хрышчоная, як немаўля.
Полацкім крыжам святой Еўфрасінні
Жыць блаславёна пасля.

Зведаўшы славу і час каранацыі,
Болей жа церпіш папрок.
Поўнагалосся, выразніца нацыі,
Лёс не прадкажа прарок.

Ў сэрцы паэтавым песняй няспетай,
Ў фарбах жыві мастака.
Сум мой асветлі папараць-кветкай,
Словам гаючым радка.

Хатынь

Хатынь! Наш гонар і наш боль,
Журба Радзімы-Беларусі,
І вечна твой гарыць агонь,
Да долу сцелючыся ў скрусе.

Паўсюль чарнеюць камяні,
І кожны знак бяды — магіла.
Не веру, што ў ліхія дні
Тут смерць равеснікаў касіла.

Май незабудкаю ў душы,
І лета мірнае паўвека…
А дрэвы — болей спарышы,
І лес навокал, як калека.

Спытай пра тую даўніну,
Раскажуць што? Наўрад, бо дрэвы
Згубілі слых і анямелі
Ад перажытага ў вайну.

Вядзе павольна гід мяне,
Як па алеі Вечнай славы,
І кожны тут як на вайне,
І ў сэрцы быццам шрам крывавы.

* * *

Прыходзіць восень залатая,
Кастрычнік свой адлічыць дзень.
Прырода кветкамі вітае
І з лісця дываны кладзе.

У арэоле днём адлітым
Яму паклон б'юць каралі.
Йдзе чалавек з вялікай літары,
Настаўнік крочыць па зямлі.

І сад антонаўкі салютам
Да долу гулка ападзе.
І журавы фанфараў гукам
Пратрубяць пра святочны дзень.

Ды ў гэты час праменні сонца
Да ног гірляндай пакладзе.
І дзень той доўжыўся б бясконца:
Настаўнік па зямлі ідзе!

Жанчынам

На крылах лепшае пары
Штогод Вам сонца дзень прарочыць.
Святочны у календары
І самы што ні ёсць Жаночы.

З прычыны гэтае, сябры,
Усмешкай хай іскрацца вочы,
У сэрцах хай гараць кастры,
І ні хмурыначкі уночы.

Хай накануе век Вам лёс,
Што толькі праведнаму гожы.
Жанок займіце вечны пост,
І толькі вернасці, о Божа!

Хрэсніцы

Ўжо замоўклі дзявочыя кросны
І шаптуха-пара адышла.
Нібы доўжыцца час высакосны,
І з каханым шчэ хмель не спіла.

На свабоду сваю, як аселіцу,
Маеш права прапіскай жыцця.
Ды трымаюць бацькоўскія Селеўцы
У абдымках сямейных дзіця.

Не журыся самотаю, хросніца,
На пражытай табою мяжы.
Калі ў сэрца адзіны папросіцца,
Ты вузельчык тады завяжы.

Жаніцьба Цярэшкі

Студзень гурбы з ветрам вершаць,
Замятае сцежкі.
Жаніх першы, хлопец лепшы,
Вяселле Цярэшкі.

Прыйшло йгрышча, дуда грае,
Вогнішча палае.
Ў плоце жэрдкі лічаць дзеўкі,
Лёс свой выбіраюць.

Падбіраюць бацька, маці
У Каляды пару,
Каб у дзеўках не застацца
Ва узросце сталым.

Хлопец вывераным скокам
«Вішаньку» зрывае.
«Не будзь, лава, так высока», —
Словы прамаўляе.

На прыпеўкі і пацешкі
Ноч багатай будзе.
Кожнай Мар'і па Цярэшку
Наварожаць людзі.

На гары Маяк

Вужом сцяжына. Зрэдку павароты.
Здаецца, на аблокі завядзе.
Чаўны здалёк — як скінутыя боты.
Вуграмі хвалі б'юцца на вадзе.

А вышыня над чашай седлавіны
Глядзіць вачыма ніцавокіх зор.
І сцеле дыму белую прасціну
Паэтамі раскладзены касцёр.

Світанак з прыазернае Слабодкі
Пакліча зухаватых рыбакоў,
Каб срэбрам лускі зноў усыпаць лодкі,
Усцешыць слабажанскіх маракоў.

Гара Маяк — вышэй палёту чайкі.
Бы птушка, сам над стромаю крыляй.
Хачу, каб стаў нацыянальным паркам
Ад Браслава да Турава мой край.

Мелодыі вясны

Зоркі гаснуць,
Адплывае маладзік.
Золак ясны
З росаў сцеле свой ручнік.
Сон, як мроя,
Зноў знікае са святлом,
Дзе з табою
Пілі шчасце мы нагбом.
Веснім ранкам
Пакідаеш зноў мяне,
Дзе світанкам
Цёплы промень на сцяне.
Ты знікаеш —
Птушка радаснага сну —
Белым маем
Упрыгожыла вясну.
Вечар буду
З Мілавіцаю чакаць,
Каб у змроку
Твае вусны цалаваць.
Вецер поўні
Зноў раскрые парасон
І, як сёння,
Прынясе чароўны сон.
Не засмужыць
Цень нядоўгае начы.
Толькі б воблік
Твой надоўга зберагчы.

* * *

Мелодыю душы спраду
З дажджу пялёсткаў белым маем.
У сэрцы нота маладая,
І сад, зацвіўшы, на мяду.

Я да цябе вясной прыйду
Прысадамі з настоем хмелю,
Дзе салаўёў гарластых трэлі
Выводзяць мая каляду.

Мелодыю душы спраду
З таемных гукаў у суквеццях,
Калі, заблытаўшыся, вецер
Прыгоніць хмараў чараду.

Сустрэну, як сваю бяду,
У чорным вішняку падворак,
І рой апаўшых з неба зорак
Жарствой люстэрка на ваду.

* * *

Мой народ — як дзічка ў полі,
Людзі — моцныя плады.
Ім вабней пад сонцам волі,
Чым няшчырыя рады.
Зацвісці ў маі марозным,
Калі труціць дым сады.
Дзе пялёсткі, нібы слёзы,
На дзірван ляцяць руды.
Дзіды гойстрай абароны
Распусціўшы убакі,
Асвяціць лістком зялёным
Ноч, дзе спяць маладзікі.
Не аддаць вятрам-айчымам
Павуцінкі белай ніць.
Не таму заве Айчына,
Каб выгнаннікамі жыць.

* * *

Нібы заяц,
Што ўскочыў у лодку Мазая
Ад смерці,
Адолеўшы страх, да жыцця
Так і ты, чалавек,
Дажываючы век,
Як апошнюю сваю,
На якой шчэ стаіш,
Забіваеш
На высокім штылі пачуцця.
За жыццё,
Як саломінку,
У вечна зямным акіяне
Ты трымаешся хваткай
Смяротнай
З адчаем…

Красавік 2012г.

* * *

У гэты дзень, у гэты час Хай лепшай будзе вам дарога, Да шчасця, што ўратуе вас, Здароўя, што паслана Богам.

Жывіце, радуйце сям'ю Сваёй прысутнасцю шчэ доўга, Як сонца цеплынёй зямлю, Сагрэйце родных словам добрым!